Не сціхаюць пажары ў раёне…

Амаль штодня статыстыка пажараў у раёне папаўняецца новымі сумнымі фактамі. Па-ранейшаму людская неабачлівасць пры абыходжанні з агнём пазбаўляе іх маёмасці і ставіць пад пагрозу здароўе і жыццё. Так, увечары 30 красавіка выратавальнікі тушылі пажар у вёсцы Мачаск Пагосцкага сельсавета. Тут гарэлі сарай і гараж. Як высветлілася, жанчына-пенсіянерка распаліла ў двары самаробную печ. І не ўгледзела, як ад печы ўспыхнулі дровы, што ляжалі побач, а ад дроў полымя перакінулася на сарай і гараж. Людзі не пацярпелі. Нагадваем: для прыгатавання ежы жывёлам павінны выкарыстоўвацца толькі печы завадскога спосабу вырабу. Акрамя таго, на ўвесь час топкі печ не павінна заставацца без нагляду.

У гэты ж дзень гарэла трава на беразе ракі Бярэзіны каля вёскі Прыбрэжнае. Пешага мая выратавальнікі тушылі пажары травы ў вёсцы Шавярнічы і на полі паміж вёскамі Арэшкавічы і Наваселле. Усе гэтыя пажары звязаны з дзейнасцю чалавека: хутчэй за ўсё, прычынай сталі неахайна кінутыя ў сухую траву недакуркі. Віноўнікі здарэнняў высвятляюцца, ім пагражаюць немалыя штрафы.

У чарговы раз служба выратавання нагадвае: на тэрыторыі раёна дзейнічае забарона на наведванне лясоў. Штрафы за яе парушэнне могуць дасягаць 25 базавых велічынь, а гэта 637,5 рубля.

Вольга Данэйка,

інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *