З «клопатам» пра дзяцей

З 1 мая па 1 кастрычніка на тэрыторыі Бярэзінскага раёна праводзіцца рэспубліканская міжведамасная праграма «Клопат».

Яе асноўныя задачы — арганізацыя летняй занятасці і вольнага часу падлеткаў, прафілактыка іх супрацьпраўных паводзін, папярэджанне гібелі і траўматызму дзяцей.
Так, у летні перыяд будуць працаваць гурткі, аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя секцыі, дзённыя і кругласутачныя аздараўленчыя лагеры. Больш падрабязную інфармацыю бацькі і падлеткі могуць атрымаць ва ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме і аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Непаўналетнім, якія жадаюць працаўладкавацца на перыяд летніх канікул у арганізацыі і прадпрыемствы раёна, неабходна падаць заяўку ў РК ГА «БРСМ» або звярнуцца па тэлефоне 54143.
Вядома ж, падчас летніх канікул будзе ўзмоцнены кантроль за паводзінамі і ладам жыцця непаўналетніх, якія стаяць на розных відах прафілактычнага ўліку.
З мэтай папярэджання здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў аддзел унутраных спраў ва ўзаемадзеянні з іншымі суб’ектамі прафілактыкі, прадоўжыць рэйдавыя мерапрыемствы па адпрацоўцы месцаў збору і адпачынку непаўналетніх.
Важным складальнікам акцыі стане правядзенне ў аўдыторыях дзяцей прафілактычных лекцый, гутарак пра адказнасць за ўчыненне супрацьпраўных дзеянняў, аб недапушчальнасці ўжывання наркатычных, псіхатропных, таксічных і іншых адурманьваючых рэчываў, ужыванне піва, слабаалкагольных і алкагольных напояў, а таксама аб мерах асабістай, маёмаснай, дарожнай і пажарнай бяспекі.
— Для арганізатараў начных дыскатэк у культурна-забаўляльных установах, сельскіх дамах культуры не залішне будзе нагадаць, што ў адпаведнасці з артыкулам 17.12 КаАП Рэспублікі Беларусь, допуск на начныя дыскатэкі (з 22.00 гадзін) асоб, якiя не дасягнулi васямнаццацi гадоў, за выключэннем выпадкаў, калі гэта дазволена актамі заканадаўства, цягне накладанне штрафу на індывідуальнага прадпрымальніка або юрыдычную асобу ў памеры ад дзесяці да пяцідзесяці базавых велічынь, — зазначае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Бярэзінскага райвыканкама Святлана Іванаўна Бондар. – А бацькам нагадваем: у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, знаходжанне непаўналетніх, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту, у перыяд з 23.00 гадзін да 6.00 гадзін па-за жыллём, без суправаджэння бацькоў альбо асоб, якія іх замяняюць, у адпаведнасці з артыкулам 17.13 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, цягне адміністрацыйную адказнасць бацькоў, апекуноў і папячыцеляў і караецца штрафам у памеры да дзвюх базавых велічынь.
Паважаныя бацькі, нагадайце дзецям аб агульнапрынятых нормах паводзінаў і прыкладзіце ўсе намаганні, каб як мага больш эфектыўна арганізаваць іх вольны час. Толькі ад вашага штодзённага кантролю за іх паводзінамі, асабліва на вуліцы, залежыць, ці стануць канікулы выдатным часам адпачынку альбо ператворацца ў праблемы і непрыемнасці.

Юлія БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *