Сямейная традыцыя — сябраваць з раёнкай

Святлана Міхайлаўна ЛУКАШОВА:

— “Бярэзінская панарама” – любімая газета ўсёй нашай вялікай і дружнай сям’і. Выпісваем яе вельмі-вельмі даўно. У нас ужо, можна сказаць, сямейная традыцыя – сябраваць з раёнкай. Выпісваем мы з мужам, дачушкі Дар’я, Крысціна… Менавіта я “сябрую” з “Панарамай” гадоў 20. А мая матуля Аляксандра больш за 40. Зараз яна жыве з намі, ёй ужо 93 гады. Але нягледзячы на такі паважаны ўзрост, яна па некалькі разоў на дзень у сераду і суботу ходзіць да паштовай скрыні, каб паглядзець, “ці прынеслі любімую раёнку”. Чытае яе без перабольшвання – ад першага да апошняга слова.
Мы жывём у Вяшэўцы. Я працую загадчыцай магазінаў у Журоўцы і Вяшэўцы. Муж Сяргей шчыруе зараз у ЗАТ “Клявіца”. Прыемна, што раёнка часта пісала пра нас, нашы працоўныя дасягненні. Ды і, увогуле, тут былі артыкулы і пра Дар’ю, Крысціну, любімую ўнучку-прыгажуню Сафію…
Дарэчы, я заўсёды сачу за конкурсамі, што праводзіць газета. Сама пакуль не ўдзельнічаю, затое Даша і Сафія пастаянныя іх ўдзельнікі і нават пераможцы.
Падабаюцца нам таксама “жывыя” артыкулы пра людзей, іх працоўныя дасягненні, цікавыя рэпартажы з мерапрыемстваў, што ладзяцца ў раёне.
Даспадобы і матэрыялы спартыўнай тэматыкі. Наша сям’я за здаровы лад жыцця: дачушкі ўдзельнічаюць у спартыўных спаборніцтвах, а мы “хварэем” за іх.
Вядома ж, з асаблівым задавальненнем чытаю артыкулы пра Бярэзінскую ЦРБ, дзе працуе малодшая дачка. Таму і выдзяляю рубрыкі “Прафесіяналы ў асобах”, “Гутаркі ўрача”, тэматычную старонку “Дэмаграфія: сацыяльны аспект”.
Муж — былы супрацоўнік Бярэзінскага РАУС, таму ён у першую чаргу чытае навіны пра міліцыю. Цікавіцца рубрыкамі “Крымінал за тыдзень”, “Асоба”, тэматычнай старонкай “Чалавек і закон”. Яму падабаюцца стыль, трапныя выразы журналіста, які піша менавіта на гэтую тэматыку.
Шчыра кажучы, “Бярэзінская панарама” для нас не проста газета, а галоўнае перыядычнае выданне ўсёй сям’і. Жадаем кожнаму члену калектыву рэдакцыі творчага натхнення, бадзёрага настрою і шчасця ў асабістым жыцці!

Запісала Юлія БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *