У Арэшкавічах здарыўся сур’ёзны пажар

Ноччу 8 мая ў вёсцы Арэшкавічы Дзмітравіцкага сельсавета здарыўся сур’ёзны пажар. Тут згарэлі жылы дом і хляўчук, яшчэ дзве сельскагаспадарчыя пабудовы былі пашкоджаны агнём. Толькі цуд выратаваў жыццё трох чалавек: з-за пашкоджання электраправодкі раптам загарэлася лямпачка, і людзі прачнуліся.

На той момант ужо ў поўную моц гарэў дах і штосьці зрабіць сваімі сіламі было немагчыма. Заставалася толькі чакаць пажарныя падраз-дзяленні… Самае галоўнае — людзі своечасова пакінулі дом.
Разглядаюцца дзве прычыны пажару: расколіны дымаходу на гарышчы і няспраўнасці электраправодкі. Як высветлілася, дом быў куплены год таму, і новыя гаспадары добра ведалі, што печ няспраўная, электраправодку трэба замяніць. Для высвятлення прычыны спатрэбіцца час, але відавочна наступнае: толькі з-за асабістай халатнасці людзі трапілі ў бяду.
“Як-небудзь потым”, паважаныя грамадзяне, можна памяняць вокны, мэблю ці паставіць новы плот. А вось пачаць рамонт печкі, электраправодкі — гэтым трэба заняцца сёння ж! Роўна, як і купіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Ігнараванне простымі і такімі важнымі парадамі выратавальнікаў, як паказвае жыццё, часта б’е надзвычай балюча.

Вольга ДАНЭЙКА,
інспектар прапаганды Бярэзінскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *