Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху на Бярэзіншчыне

На мінулым тыдні выконваючы абавязкі начальніка Дзяржаўтаінспекцыі Мінаблвыканкама А.М. Акуліч наведаў Бярэзінскі раён. Адбыўся яго візіт у рамках майскага Адзінага дня бяспекі дарожнага руху “Увага – дзеці!”. У ходзе акцыі міліцыянер выступіў у калектывах торфапрадпрыемства і ААТ “Бярэзінскі”.

— У летні час узрастае рызыка дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, — адразу акцэнтаваў увагу прысутных Аляксандр Міхайлавіч. — Падлеткі гінуць і атрымліваюць калецтвы па віне дарослых, псуюць статыстыку юныя кіроўцы веласіпедаў, мапедаў і гарэзлівыя малыя пешаходы. Віной усяму недакладнае веданне Правілаў дарожнага руху як дарослымі, так і дзецьмі.
На гэта ўказваў не толькі выступаючы, але і прадэманстраваны прысутным відэафільм.
Так, гарыць зялёнае святло — трэба ісці. Але лепш перад гэтым азірнуцца па баках. Можа вадзіцель не заўважыў сігнал і не саступіць вам дарогу? Куды больш небяспечна пешаходу ставіць свае інтарэсы вышэй за магчымасці вадзіцеля, забываючы, што машына – крыніца вялікай небяспекі і не
заўсёды можа спрытна манеўраваць.


— Спадзяюся, што відэафільм прымусіць кожнага з вас дома з дзецьмі і ўнукамі ўважліва і ўдумліва перачытаць Правілы дарожнага руху, правільна паставіць арыенціры і выпрацаваць сваю карту паводзінаў на дарозе, — працягнуў размову міліцыянер. — Толькі тады вы можаце быць спакойнымі за дзяцей.
Не лішнім будзе дарослым праверыць у дзяцей наяўнасць на вопратцы святлоадбівальных элементаў, катафотаў на веласіпедах, дапамагчы юнакам у здачы экзаменаў на атрыманне вадзіцельскага пасведчання на кіраванне матацыклам.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *