П.А. Атрошчанка правёў сустрэчу ў калектыве Бярэзінскага лясгаса

У аўторак з калектывам ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” сустрэўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

П.А. Атрошчанка закрануў шэраг злабадзённых пы-танняў: карупцыя, “праблема 328” (328 – артыкул у крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь – незаконны абарот наркотыкаў), абноўлены Лясны кодэкс.
— Да 2014 года ў Беларусі было шмат злачынстваў, звязаных з распаўсюджваннем наркатычных сродкаў, — зазначыў П.А. Атрошчанка. – Увялі суровыя пакаранні за гэтыя злачынствы: 15, 20 гадоў… Нават за адну, так званую, “закладку” наркотыкаў можна атрымаць 18 гадоў. Менавіта тады ўзнік “Рух маці-328”, удзельнікі якога выступаюць за змякчэнне антынаркатычнага заканадаўства. А іншыя выказваюць думку, каб наадварот, узмацніць яго жорсткасць. Я часта выступаю ў працоўных калектывах: меркаванні людзей разыходзяцца. Думаю, і сярод вас ёсць тыя, хто “за” ўзмацненне пакарання, тыя, хто супраць.
П.А. Атрошчанка таксама засяродзіў увагу на асноўных новаўвядзеннях Ляснога кодэкса, які ўступіў у сілу 29 сакавіка.

Удзельнічалі ў абмеркаванні пытанняў намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Міхайлавіч Навіцкі, дырэктар ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” Сяргей Уладзіміравіч Чэмка.
Было бачна, што ўзнятыя тэмы “зачапілі” прысутных. Задаваліся і пытанні. Да прыкладу, як праводзіць вольны час дзецям у Беразіно, дзе пакуль няма дыскатэкі – падлеткам, па іх словах, няма чым заняцца і яны “прыдумляюць” самі сабе “хобі”, якія іншы раз прыводзяць да супрацьпраўных дзеянняў.
На гэтае пытанне адказаў У.М. Навіцкі. Уладзімір Міхайлавіч засяродзіў увагу на тым, што ў кожнай школе праводзяцца разнастайныя заняткі, да прыкладу, зараз працуюць аздараўленчыя пляцоўкі, можна паехаць на аздараўленне ў лагер, у школах таксама наладжаны дыскатэкі, у раёне – шмат мерапрыемстваў для падлеткаў. Галоўнае – каб школьнікі хацелі знайсці сабе карысны занятак, а бацькі, дарослыя тлумачылі ім, што можна рабіць, што нельга, кантралявалі. А што датычыцца гарадской дыскатэкі – плануецца, што яна будзе праводзіцца ў памяшканні цэнтральнай бібліятэкі (пасля яе рамонту).
У гэты ж дзень П.А. Атрошчанка правёў прыём грамадзян.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *