Вяскоўцы Бярэзіншчыны

Марына Уладзіміраўна Муха па праву лічыцца адной з лепшых даярак ААТ «Уша». Такую высокую ацэнку яна заслужыла не толькі сваімі стараннымі адносінамі да працы і ўменнем паказаць высокі вынік, але і значным практычным стажам, які і з’яўляецца асновай прафесіяналізму. Пачынала яна спасцігаць прафесію жывёлавода яшчэ ў 1985 годзе, калі толькі ўладкавалася на котаўскую ферму. Колькі часу мінула з тае пары, колькі змяненняў адбылося тут за гэты час!
– На пачатку маёй работы даіць даводзілася апаратамі, якія пераносілі ўручную ад каровы да каровы. Затым устанавілі малакаправод.
І хоць колькасць статка, які неабходна было абслугоўваць, значна павялічылася, працаваць стала намнога лягчэй.
У выніку чарговай мадэрнізацыі на МТФ Котава быў адкрыты даільна-малочны блок. А гэта яшчэ адна прыступка для ўдасканалення работы, атрымання больш важкіх надояў і намнога вышэйшай якасці – сорта “экстра”.
Паспяховасць працы даярак, лічыць Марына Уладзіміраўна, напрамую залежыць ад многіх фактараў: кармлення статка, яго догляду, работы зааветспецыялістаў, бо толькі сытая і здаровая карова можа даць максімальную колькасць прадукцыі.
— Прафесія даяркі, — дзеліцца М.У. Муха, — стала за гады работы для мяне роднай, і ў якой-небудзь іншай прафесіі я сябе не ўяўляю. А калі чалавек знайшоў сваё прызванне, значыць, яму пашчасціла ў жыцці.

Павел САЛАЎЁЎ.
Фота Анатоля Палынскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *