Лясныя ўцёкі

Гэты матэрыял рэдакцыі прадаставіў наш няштатны карэспандэнт, краязнаўца Ігар Жукоўскі. Аўтар прыведзеных ніжэй успамінаў –наш зямляк Эдуард Канстанцінавіч Скуратовіч. Нарадзіўся ён у 1938 годзе ў в. Прудок. Пасля заканчэння школы (закончыў яе з адзнакай) вучыўся на фізічным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Працаваў спачатку ў Маскоўскім навукова-даследчым інстытуце абароннай прамысловасці. Абараніў кандыдацкую дысертацыю. Затым перайшоў у НДІ праблем вышэйшай школы, выкладаў у індустрыяльным універсітэце, займаў пасаду загадчыка кафедры. Часта прыязджаў на сваю малую радзіму.

Падзеі, пра якія я хачу расказаць, адбываліся ў далёкім чэрвені 1944 года. На той момант мы з матуляй, маленькай сястрычкай Люсяй, бабуляй і дзядулем жылі ў Арэшкавічах. Чырвоная Армія на той час ужо вызваліла значную тэрыторыю Савецкага Саюза ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і яе часці набліжаліся да нашага раёна. Па вёсцы ва ўсю хадзілі чуткі: хутка-хутка прыйдуць нашы! Толькі ўдумайцеся ў сэнс слова “нашы”. Для вяскоўцаў, якія пражылі пад акупацыяй тры гады, яно было такім жаданым і святым.
На шчасце, Арэшкавічы за час вайны не спалілі, як гэта было з многімі вёскамі Беларусі. Але яе жыхарам «пад немцамі» было зусім не салодка. Яны ўстанаўлівалі свой парадак, кватаравалі ў нашых дамах, забіралі вопратку і адзенне, хатнюю жывёлу – рабавалі, як маглі.
А якім жудасным быў выпадак, калі пры будаўніцтве ўмацаванняў немцы разабралі хлеў аднаго з сяльчан і там, пад страхой, знайшлі схаваны камсамольскі білет. Паліцай, які выявіў знаходку, прынёс яе нямецкаму афіцэру, камандзіру гарнізона, і той загадаў сям’ю камсамольца расстраляць на вачах жыхароў усёй вёскі. На шчасце, я, тады яшчэ малое дзіця, не стаў сведкам той крывавай расправы. Ведаю толькі, што расстрэльваў нашых землякоў з кулямёта француз па імені Жан, які разам з групай акупантаў жыў у нашым доме, пакінуўшы сям’і з пяцярых чалавек маленькі пакойчык у сенцах. Але гэта іншая гісторыя.
Тады ж, у чэрвені 44-га, калі Чырвоная Армія наносіла па ворагу ўдар за ўдарам, немцы адчувалі свой крах. Акупанты, адступаючы на Захад, са сваёй планавасцю і метадычнасцю, калі гэта дазваляла абстаноўка, прымусова «ўганялі» з сабой мясцовае насельніцтва. Пра гэта мы ведалі на прыкладзе дальніх вёсак. Без радыё, без тэлефона чуткі хутка даходзілі да людзей. Таму большасць насельніцтва вёскі прыняла рашэнне: бегчы ў лясы, хавацца ад гвалту і чакаць там вызваліцеляў. Да ўцёкаў многія падрыхтаваліся загадзя, былі прыхаваны вопратка і няхітры харч на парутройку дзён. Толькі вось калі чакаць чырвонаармейцаў, як хутка яны з’явяцца? Калі затрымаюцца, то людзі ў лесе перамруць з голаду або будуць перастраляны немцамі.
Вырашылі здацца на волю лёсу. Калі з’явіцца калона нямецкіх машын на ўзгорку каля вёскі, вось тады і трэба бегчы ў лес, які, дзякаваць Богу, быў за метраў трыста ад хат. А ад узгорка да вёскі добрых кіламетры два. Пакуль ворагі іх пераадолеюць, усе ўжо будуць у лесе. А туды на аўтамашынах не паедзеш, ды і партызан фашысты баяліся як агню. Пра гэты план даведаўся я значна пазней, з расказаў старэйшых, а на той час мяне ў іх ніхто не пасвячаў.
І вось нарэшце настаў дзень уцёкаў. Замітусіліся, памятаю, мае бабуля, дзядуля і маці. “Хуценька ўсё апранай!” – было загадана мне, і мы ўсе разам, прыхапіўшы пажыткі, кінуліся ў лес. Адразу за хлеўчукамі, аж да самага лесу, зелянела высокае жыта, якое прыкрывала нас. Маці несла на руках Люсю, я бег побач, за намі, як маглі, паспявалі бабуля і дзядуля. Злева, справа, спераду і ззаду нас беглі аднавяскоўцы. Рокат матораў нямецкіх машын станавіўся ўсё больш моцным. Каля самай мяжы лесу мы пачулі ззаду страляніну і крыкі ворагаў. Толькі дзе там: мы ўжо былі пад аховай лесу і ўсё беглі і беглі ўглыб яго без перадышкі. Услед нам яшчэ доўга гучалі стрэлы і сабачы брэх. Фашысты не рызыкнулі праследаваць нас па лесе, што і выратавала.
Праз які час мы, стомленыя ўшчэнт, пайшлі павольна. Калі малое дзіця пачынала енчыць, адразу раздаваліся галасы з парадай закрыць малому рот, каб па гуках немцы не змаглі высачыць наша месцазнаходжанне.
Я, зусім стомлены, у гэтым натоўпе ўжо ледзь ішоў і трымаўся за матуліну спадніцу рукой. Затым адпусціў яе і пачаў крыху адставаць, але працягваў ісці ўслед за некалькі
метраў ад маці. Пачало цямнець. Мы падышлі да Вялікага балота, як яго называлі ў вёсцы.
І тут са мной здарылася непрыемнасць. Мужчына, які ішоў перада мной, адпусціў яловую галінку, і тая моцна ўдарыла мне па твары, асляпіўшы на некаторы час. Пакуль я стаў праціраць вочы, астатнія ўсё ішлі і ішлі наперад. Імкнучыся дагнаць сваіх, я ўсё больш страчваў сілы, бо ішоў па балоце, і нарэшце застаўся зусім адзін. Тым не менш, крочыў і крочыў наперад па топкай багне. Было вельмі страшна. Уявіце сабе: навокал непраходнае балота, густая цемра і паўнюткая цішыня. Нават заплакаць нельга, каб не падаць голасу і тым самым не выдаць сябе.
Я спыніўся. Садзіцца было нельга, інакш увесь вымакнеш ад вады. Ды і стаяць на дрыгве таксама небяспечна – можа “засмактаць”. На маё шчасце, я пачуў голас жанчыны, якая супакойвала немаўлятка. Паціху пакрочыў на голас і неўзабаве выйшаў на жанчыну, якая сядзела на купіне з двума маленькімі дзецьмі. Дык гэта ж цётка Надзя са сваім Ванем, гадоў двух, і Томай, якой было трычатыры гады. Таксама выбіліся з сіл і не маглі дагнаць аднавяскоўцаў.
Прымасціўшыся на суседнюю купіну (адна нас не вытрымала б і мы маглі патануць), я стаў засынаць. Безвыходнасць адразу прайшла, стала намнога лягчэй, калі побач ёсць людзі. Ноч была цёплая, ды і вопратка, якую я на сябе апрануў, не давала замерзнуць. Неўзабаве наступіў золак. Пачуліся чыісьці крокі. Гэта аказаўся наш сусед, якога маці адправіла на мае пошукі (уяўляю, як яна перажывала). Праз які час мы прыйшлі да “табара”, у якім мясціліся нашы аднавяскоўцы. Гара з плеч! Праўда, мне перапала ад аднаго нашага далёкага сваяка. Ён прылюдна так накруціў мне вушы, што я гэта памятаю і да сённяшняга дня. За што? За тое, што я адстаў і з-за мяне ўсім давялося рабіць вымушаны прыпынак. Вось тут я заенчыў ва ўсю глотку. Але не столькі з-за накручаных вушэй, колькі з-за перажытага за ноч страху.

(Працяг будзе)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *