Сюрпрызы «Планеты дзяцінства» або Як прайшоў справаздачны канцэрт Бярэзінскай дзіцячай школы мастацтваў

 У школьнікаў чарговы навучальны год заканчваецца ўрачыстай лінейкай і апошнім школьным званком, а ў навучэнцаў Бярэзінскай дзіцячай школы мастацтваў справаздачным канцэртам.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел лепшыя музыканты, вакалісты і танцоры школы. Апрача гэтага, усіх наведвальнікаў чакаў прыемны сюрпрыз. У фае разам з традыцыйнай выставай юных мастакоў мастацкага аддзялення працавала выстава музычных інструментаў «ВЫБЕРЫ СВОЙ МУЗЫЧНЫ ІНСТРУМЕНТ». Тут можна было на свае вочы пабачыць усе тыя інструменты, на якіх навучаюцца дзеці ў школе мастацтваў, дакрануцца да клавішаў і струн. Дэманстравалі гучанне духавых і клавішных навучэнцы ўстановы. Тым самым віноўнікі мерапрыемства не толькі стваралі пэўны святочны фон, а настройвалі гледачоў на сустрэчу з мастацтвам.

Але на гэтым сюрпрызы традыцыйнага справаздачнага канцэрта не скончыліся. Уразіў усіх дэбют ўдзельнікаў студыі ранняга развіцця «Смайлікі». Самыя юныя навучэнцы школы разам з вакальнай групай 1 класа харавога аддзялення праспявалі песню “Вместе весело шагать по просторам”.

Задушэўным і хвалюючым для гледачоў і навучэнцаў школы стаў фінал канцэрта. Дырэктар школы мастацтваў Наталля Генадзьеўна Сляпцова шчыра падзякавала педагогам установы за прафесійную і плённую працу ў адыходзячым навучальным годзе, адзначыла падтрымку бацькоў у навучанні дзяцей спевам, танцам, ігры на музычных інструментах і маляванню. З рук кіраўніа ўстановы пад гучныя апладысменты вялікай залы лепшыя вучні былі ўзнагароджаны граматамі за паспяховую вучобу і актыўны ўдзел у творчым жыцці школы.

Іх атрымалі ўдзельнікі харавога калектыву «Ветразь надзеі”, танцоры ўзорнага тэатра танца «Пёстрый мир», вакалісты, музыканты, якія дастойна абаранялі гонар школы мастацтваў на розных творчых конкурсах і канцэртах. Сярод іх варта асабліва адзначыць ансамбль цымбалістаў “Весялухі” ў складзе Дар’і Пашковай і Ганны Тарасевіч. Не меншыя авацыі “сарвала” юная, але ўжо паспяховая і таленавітая музыка Ефрасіння Цыркуновіч.

— Двухгадзінны справаздачны канцэрт “Планета дзяцінства” прайшоў на адным дыханні, — падвяла вынікі мерапрыемства Наталля Генадзьеўна. – Яго эмоцый, уражанняў, прыемных перажыванняў павінна хапіць нашым навучэнцам на доўгае лета, а будучым вучням лягчэй будзе вызначыць з творчым захапленнем.

 Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *