“Міншчына спартыўная” крочыць па Бярэзінскім раёне

 


Упэўненай хадой крочыць па Бярэзінскім раёне акцыя “Міншчына спартыўная”. Чарговым яе мерапрыемствам стала штогадовая спартакіяда па лёгкай атлетыцы сярод прадпрыемстваў і ўстаноў. Заяўкі на ўдзел у спаборніцтвах падалі 6 працоўных калектываў — раённага аддзела ўнутраных спраў, РКУВП “Бярэзінская ЖКГ”, установы аховы здароўя “Бярэзінская ЦРБ”, ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас”, упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, Бярэзінскага райгаза.

-Такая невялікая колькасць каманд абумоўлена пэўнымі вытворчымі цяжкасцямі і спякотай, якая ўстанавілася ўжо ў першыя чэрвеньскія дні, — зазначыў арганізатар і галоўны суддзя спаборніцтваў, дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный” Васіль Аўчарэнка. — Тых жа, каго невыносная спёка не напалохала, чакалі сапраўдныя спартыўныя страсці, напружаная барацьба і завадная кампанія балельшчыкаў.

Згодна з палажэннем, каманды змагаліся ў эстафеце 4 па 100 метраў, бегу ў 1, 5 кіламетра для мужчын і 800 метраў для жанчын, кіданні мяча і гранаты. Каманда-пераможца вызначалася па суме атрыманых балаў.

Тут не знайшлося роўных прадстаўнікам раённага аддзела ўнутраных спраў. Прадэманстравалі выдатную фізічную форму, спрыт і хуткасць Сяргей Дамаронак, Вадзім Сакаў, Аляксей Крывянкоў і Надзея Кустава.

Другое месца строгія суддзі прысудзілі камандзе камунальнікаў у складзе Кацярыны Шык, Алега Мішука, Рамана Лешчука і Віталія Федарцова. А трэцяе прызавое месца заваявалі Алена Барысёнак, Канстанцін Якавец, Арцём Марчанка і Аляксандр Агіевіч з цэнтральнай раённай бальніцы. Усім камандам-пераможцам былі ўручаны медалі і кубкі.

— Застаецца толькі параіць кіраўнікам арганізацый і ўстаноў, аматарам здаровага ладу жыцця знаходзіць магчымасць разнастаіць свой адпачынак, — дадаў Васіль Аўчарэнка, — бо гэта надзвычай карысна і запамінальна правесці свой вольны час з сям’ёй і сябрамі ў спаборніцтвах і на свежым паветры.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *