У разгары — купальны сезон або Дзе адпачываюць бярэзінцы

Лета – доўгачаканая пара года для многіх бярэзінцаў. Гэта перыяд водпускаў і канікул, падарожжаў і актыўнага адпачынку. Але які ж адпачынак без вады і радасці ад купання ў рацэ і вадаёмах. Асабліва з прыходам па-сапраўднаму спякотных дзянькоў, калі рака Бярэзіна і гарадскі пляж у раёне вуліцы Ульянава становяцца ўлюбёным месцам правядзення вольнага часу дарослых і дзяцей. Тым больш, што дно акваторыі пляжа, вызначанай для купання, ачышчана ад водарасцей, камянёў і смецця. А рачная вада рэгулярна праходзіць лабараторнае даследаванне. Стварае добры настрой і добраўпарадкаваная пляжная тэрыторыя, дзе ўсё адпавядае патрэбам людзей. Для камфорту і зручнасці бярэзінцаў і гасцей горада ўсталяваны ценевыя навесы, раздзявальні, альтанкі, біятуалет, лаўкі і урны. Аматарам здаровага ладу жыцця прыйдзецца даспадобы пляцоўка для заняткаў спортам. Улічаны інтарэсы і аўтаўладальнікаў: адведзены месцы для паркоўкі транспарту. А бяспеку адпачываючых ствараюць выратавальнікі на водах.


Але, каб адпачынак быў толькі ў радасць, не забывацца пра бяспечныя паводзіны варта і кожнаму з нас. Немалаважную ролю тут адыгрывае выбар месца адпачынку. Нагадаем, што ў адпаведнасці з рашэннем райвыканкама на тэрыторыі раёна, акрамя гарадскога пляжа, вызначаны яшчэ тры месцы для купання. Гэта зоны адпачынку каля вадаёмаў у аграгарадку Паплавы і вёсцы Мачаск, месца для купання на рацэ Бярэзіне ў раёне завулка Рачнога, дзе таксама створаны ўсе ўмовы для адпачываючых.

 

Алена МУРАЧ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *