Бярэзіншчына ў полымі вайны

Бярэзінскае гета

Колькі іх – ахвяр Вялікай Айчыннай вайны? Хаця, здавалася б, лічбы вядомыя, але далёка не канчатковыя. Ужо ў першыя дні вайны — нават, гадзіны, хвіліны нападзення фашыстаў — пачаўся чорны адлік загінуўшых і параненых, адлік пакалечаных душ. І не толькі на франтах. Не шкадавалі фашысты мірных жыхароў – старых, жанчын, дзяцей. Адзіночныя і масавыя расстрэлы і катаванні сталі звыклай прыкметай гітлераўскай акупацыі.
Страшнай сведкай масавага расстрэлу яўрэяў у Беразіно для будучых пакаленняў стаў помнік на вуліцы Інтэрнацыянальнай нашага горада. Трагедыю падрабязна даследаваў А. Лашыцкі, матэрыял якога змяшчаем сёння.

23 чэрвеня 1941 над пасёлкам Беразіно паявіліся варожыя самалёты з чорнымі свастыкамі на крылах і пачалі скідваць бомбы на мост і жылыя кварталы. У канцы чэрвеня – пачатку ліпеня на подступах да Беразіно разгарнуліся жорсткія баі. Часці Чырвонай Арміі стрымлівалі націск ворага, не даючы немцам фарсіраваць раку Бярэзіну. Палкі 100-й і 161-й стралковых дывізій вялі цяжкія баі на заходнім беразе ракі. Два дні яны трымалі абарону і забяспечылі пераправу галоўных сіл на ўсходні бераг ракі. Асабліва вызначылася ў абарончых баях на Бярэзіне 100-я стралковая дывізія генерала І.М. Русіянава. У тыя цяжкія дні ў Беразіно змагаўся і будучы маршал Савецкага Саюза І.І. Якубоўскі, біў ворага артылерыйскі дывізіён капітана В.М. Крыгер-Лебедзева.
Аднак ворагі-захопнікі былі вельмі моцнымі, а сілы няроўнымі, і 3 ліпеня 1941 года савецкія войскі пакінулі Беразіно. Пачаліся жудасныя дні акупацыі.
Камендант Беларусі Бельтойсхем 24 лістапада 1941 года выдаў загад № 24 аб знішчэнні яўрэяў і цыган.
У загадзе гаварылася: “Як патрабуюць вышэйназваныя загады, яўрэі павінны знікнуць з твару зямлі, а таксама павінны быць знішчаны цыгане. Правядзенне вялікіх акцый супраць яўрэяў не ўваходзіць у задачу часцей… Гэтыя акцыі будуць праводзіцца грамадзянскімі ўладамі і паліцэйскімі часцямі…”.
У перыяд Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі, як і на ўсіх акупіраваных фашыстамі тэрыторыях, гета з’яўлялася раёнам гвалтоўнай ізаляцыі і знішчэння яўрэяў. Тэрыторыя гета звычайна абносілася калючым дротам, ахоўвалася войскамі СС або паліцыяй. Самавольны выхад за дрот пагражаў смерцю. Умовы жыцця там былі невыноснымі. Вязні павінны былі насіць на адзенні апазнавальныя знакі: паўкруглыя жоўтыя латы для ўсіх, чырвоныя – для тых, каго выкарыстоўваюць у работах, зялёныя – для ўтрыманцаў. У некаторых гета гэта былі шасціканечныя зоркі жоўтага колеру на грудзях і спіне. Кожную раніцу раскрываліся вароты, і сотні, тысячы людзей ішлі калонамі пад канвоем на прымусовыя работы. Вязні гета – мужчыны, жанчыны і дзеці выконвалі самыя цяжкія, знясільваючыя і брудныя работы — прыбіранне туалетаў, смецця, пагрузку цэглы, рыццё ям, пагрузку на таварнай станцыі і інш. На працу ішлі пад канвоем, які быў узброены гумавымі плёткамі. З работы вярталіся з сінякамі, збітыя, а іншыя не вярталіся зусім – іх там забівалі. Немцы адбіралі ў гета людзей па прафесіях — абутнікі, краўцы, сталяры былі на асобным уліку і працавалі па спецыяльнасці. Астатніх збіралі ў калоны і адпраўлялі на любыя работы, не ўлічваючы іх магчымасці.
У гета здараліся бясчынствы і гвалт, павальнае рабаванне яўрэйскага насельніцтва. Вязні павінны былі плаціць кантрыбуцыю. Іх прымусілі аддаць усё золата, серабро і іншыя каштоўнасці. Яўрэям катэгарычна забаранялася мяняць месца жыхарства без дазволу ўлад, карыстацца бібліятэкамі, наведваць тэатры, кіно, музеі, карыстацца тратуарамі. Жыхары гарадоў і мястэчак не мелі дазволу гандляваць з яўрэямі і мець якія-небудзь іншыя зносіны.
У першыя дні акупацыі на адной з вуліц Беразіно – Інтэрнацыянальнай – было ўтворана гета. Вуліцу абнеслі калючым дротам і перасялілі туды ўсіх бярэзінскіх яўрэяў. Маладых мужчын накіроўвалі на нарыхтоўкі лесу непадалёк ад вёсак Кукарава і Жукавец. Аднойчы, баючыся адкрытага супраціўлення рабочых, пры вяртанні з лесанарыхтовак, немцы расстралялі групу прыкладна з 250 чалавек непадалёк ад вёскі Пагост, на гэтым месцы зараз стаіць помнік ахвярам фашызму.
Жыхары гета не атрымлівалі ніякага харчавання. Нечалавечыя ўмовы працы, рабочы дзень па 12-14 гадзін і галодны паёк прыводзілі да поўнага знясілення. Тыя ж, хто не працаваў, – а яны ў гета складалі большасць, — не атрымлівалі нічога. Вязні абменьвалі з сялянамі свае рэчы на любыя прадукты харчавання. Сяляне падыходзілі да межаў гета, хутка дамаўляліся з яўрэямі аб абмене, праводзілі абмен і разбягаліся. Неяўрэйскаму насельніцтву горада і навакольных вёсак забаранялася мець кантакт з яўрэямі. Калі ў час такога абмену з’яўлялася паліцыя, то ў лепшым выпадку адбіралі рэчы, а ў горшым – расстрэльвалі за парушэнне парадку.
З восені 1941 года ў Беларусь пачалі прыбываць паліцэйскія фарміраванні, створаныя ў Прыбалтыцы. Другі літоўскі ахоўны батальён прыбыў у Мінск ў пачатку кастрычніка з Каўнаса. У лістападзе ён быў перайменаваны ў 12-ы паліцэйскі батальён пад камандаваннем маёра Імпулявічуса. Акрамя ахоўнай службы і барацьбы з партызанамі, батальён прыбыў для “канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання”. 25 снежня 1941 года гэты батальён прыбыў у Беразіно.
Сапраўдная трагедыя бярэзінскага гета адбылася 25-28 снежня 1941 года (па іншых звестках 1-2 лютага 1942 года). Калона літоўскіх карнікаў, якім дапамагалі мясцовыя паліцаі, увайшла на тэрыторыю гета. Людзей выганялі на вуліцу, не даючы магчымасці апрануцца. Тых, хто супраціўляўся, расстрэльвалі на месцы. Невялікімі групамі па
25-30 чалавек іх гналі ў канец вуліцы, заводзілі ў апошні дом, вымушалі распранацца дагала, адбіралі ўпрыгажэнні. Потым пад дуламі аўтаматаў гналі да вялікай магілы, памерам 22 на 15 метраў, якая была выкапана на выгане. Людзей піхалі ў ямку, загадвалі класціся тварам да зямлі і расстрэльвалі. Зверху клаўся наступны рад пакутнікаў. Бойня ішла да самага вечара. Было знішчана каля 940 жыхароў гета.

З успамінаў жыхаркі г. Беразіно Н.Ф. Жукоўскай, 1933 г.н. (5.08.2011 г.)

У Беразіно да вайны была вуліца Інтэрнацыянальная, і зараз яна так называецца. Я жыла на вуліцы Новабазарнай, якая насупраць. Як канчаліся ў нас агароды, паставілі слупы блізка адзін да аднаго, усё зацягнулі калючым дротам уздоўж і ўпоперак, каб не было выхаду. На вуліцу Інтэрнацыянальную сагналі ўсіх яўрэяў, якія былі ў Беразіно.
Гета было створана ў жніўні 1941 года. У канцы і пачатку вуліцы былі пасты, якія ахоўвалі тэрыторыю. Вязні не мелі ежы і, каб выжыць, прабіраліся праз калючы дрот і выходзілі за межы гета. Мясцовыя жыхары давалі ім хто што мог – хлеб, бульбу і адзенне.
Недзе позна восенню ў канцы Інтэрнацыянальнай і Новабазарнай мясцовых жыхароў прымусілі капаць яму. Мой бацька быў сярод тых, хто капаў. Усіх яўрэяў зганялі ў апошні дом. Я станавілася на лаўку каля акна і магла бачыць, што рабілася. Людзей раздзявалі, жанчынам невядома навошта распускалі валасы, можа шукалі каштоўнасці, я не ведаю, не разумела – малая была. Потым іх гналі невялікімі групамі да ямы і расстрэльвалі. Пасля тых, хто капаў яму, прымусілі яе засыпаць. Бацька гаварыў, што многія яшчэ былі жывыя, і зямля варушылася. Хто спрабаваў уцякаць, расстрэльвалі на месцы. Потым паліцаі прайшліся і праверылі ўсе дамы па вуліцы Інтэрнацыянальнай.

З успамінаў І.П. Данінай (1939 г.н.)

У Беразіно зараз жыве Меламед Яўген. Ён быў маленькі, калі пачалася вайна. Бацька яго быў яўрэем, а маці беларускай. Калі прыйшлі немцы, бацьку і старэйшага сына забралі ў гета, а малодшых дзяцей – Яўгена і яго сястру — маці ўдалося схаваць, бо яны не былі падобныя на яўрэяў.

Из актов районной комиссии по расследованию зверств немецко-фашистских захватчиков
Акт от 30 октября

“Сего числа произвели осмотр братской могилы, расположенной на развилке Березинского сельского Совета между деревней Новосёлки и местечком Погост в 60 км от шоссе Минск-Могилев. При опросе местного населения установлено: в начале 1942 года были расстреляны 200 человек еврейского населения и похоронены в одной могиле. Размер братской могилы: 10х8х2”.

Акт от 2 ноября 1944 года

“Сего числа произвели осмотр братской могилы, расположенной в 150 метрах на запад от Интернациональной улицы.
При осмотре установлено: в конце 1941 года была подготовлена братская могила размером 22 метра, шириной 15 и глубиной до 2 метров, где похоронено около 1000 человек еврейского населения”

Праведнікі Беразіно

Крывенькія Іван і Кацярына. Год прысуджэння 1997.
Выратаваная: Славіна Соня.
Круглік Палікарп і яго жонка, сыны Антон, Мікалай і Іван. Год прысуджэння 1998.
Выратаваныя: Зорыны Ліза і Тома.
Касоўскія Уладзімір і Варвара, іх сын Аляксандр. Год прысуджэння 1997.
Выратаваная: Зінаіда Краскер.
Касоўскія жылі ў Беразіно. У снежні 1941 года дзесяцігадовая Зінаіда Краскер змагла ўцячы з гета. Яна трапіла да Касоўскіх. Яе прынялі, накармілі, абагрэлі. Пазней зарэгістравалі ў мясцовай управе як сваячку пад імем Зоя Валькевіч. Дзяўчынка жыла ў сваіх выратавальнікаў усю вайну. Пасля вайны з’ехала ў ЗША.

Падрыхтавала Ала АЛЬФЕР.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *