У тым далёкім сорак чацвёртым…

Калі б хто спытаў у мяне, які з пражытых дзён самы памятны і самы шчаслівы, адказаў бы адназначна, не задумваючыся: гэта дзень вызвалення ад фашысцкай акупацыі.
Як зараз помню, дзень той быў сонечны і спякотны. Напярэдадні праз нашу вёску Жарамец, якая знаходзілася за паўтара дзясятка кіламетраў на захад ад раённага цэнтра Беразіно, пачалі рухацца з адступленнем гітлераўцы: стомленыя, запыленыя, з закасанымі рукавамі. Мы не маглі ведаць, што пачалася грандыёзная вызваленчая аперацыя “Баграціён”.

Зразумела было адно: у вёсцы заставацца стала небяспечна, трэба падавацца ў выратавальны лес. Гледзячы на іншых, прыняла рашэнне і наша маці (бацька загінуў яшчэ ў пачатку вайны). Сабрала самае неабходнае з вопраткі, паўмяшэчка сухароў, і праз агароды, праз аселіцу паспяшалася разам з намі, дзецьмі, і карміцелькай-каровай. І вось мы ва ўрочышчы Карчэўе, абжываем адну з зямлянак, што служылі раней партызанам.
Часцяком углядаліся ў яснае неба, дзе на значнай вышыні праносіліся самалёты. Аднойчы сталі сведкамі паветранага бою, сачылі за паядынкам нашага “ястрабка” з нямецкімі “сцярвятнікамі”. Да нашага слыху з вышыні даносіліся кулямётныя чэргі, а мы жадалі аднаго: хаця б не падбілі савецкі самалёт.
Больш смелыя з сямейнага табара наведваліся ў вёску, каб забраць тое-сёе з прадуктаў, а заадно і разведаць абстаноўку. І вось аднаго разу “разведчыкі” ўзрадавалі хвалюючай весткай: яны на свае вочы бачылі савецкіх воінаў-вызваліцеляў. Усе, каму надзейна служыў выратавальны лес, кінуліся ў напрамку вёскі, да якой было добрых пяць кіламетраў. Мы таксама сваёй сям’ёй нібы на крылах ляцелі. Гаротная наша матуля ўвесь час плакала, што не дачакалася гэтага шчаслівага дня наша старэйшая сястра, якую напачатку лета прымусова вывезлі ў Нямеччыну.
Урэшце дабраліся да вёскі. Толькі не згледзелі мы ні хат, ні гаспадарчых пабудоў… На іх месцы дыміліся папялішчы. Спыніліся на падворку, дзе паўгода кватаравалі ў жанчыны-ўдавы пасля таго, як нашай сям’і загадалі перабрацца з леснічоўкі ў вёску. Відаць, акупанты баяліся, што мы будзем перадаваць партызанам весткі пра мясцовы гарнізон.
А на вясковай вуліцы панавала ажыўленне. У адным месцы ўбачылі савецкіх салдат у вылінялых гімнасцёрках. Адзін з іх, бравы і зухаваты, пусціўся ў танцы з гучным выклікам: “Дойдзем да Берліна!”. Паблізу дыміла, дыхала парам палявая кухня, каля якой завіхаўся повар. Да нашай сям’і падышоў афіцэр, і па яго распараджэнні повар перадаў матулі вядро з супам, шчодра запраўленым мясной тушонкай.
Пашчасціла тым вяскоў-цам, чые хаты, у канцы вуліцы, уцалелі. Мабыць, ад таго, што гітлераўцы, адступаючы, надта спяшаліся пад націскам савецкіх войскаў. У тых уцалелых хатах размясціўся палявы шпіталь, куды на дапамогу медсёстрам неаднойчы выпраўлялася наша старэйшая сястра Галінка. Вярталася, бывала, заплаканая: на яе вачах паміралі чырвонаармейцы.
На шчасце, уцалела наша жытло ў леснічоўцы, куды мы і перабраліся са сваімі сціплымі пажыткамі.
Мала-памалу пачала аднаўляцца вёска, спачатку пагарэльцы, хто як мог, стараліся зладзіць зямлянкі. Прыклад у гэтай справе паказаў паважаны ўсімі Якаў Зелянкевіч, які ўладкаваў прыстаўную зямлянку, паглядзець на якую прыходзілі суседзі.
З часам пачалі радаваць вока новыя дамы на месцах былых папялішчаў. А мы, вясковыя дзеці, з нецярпеннем чакалі пачатку школьных заняткаў.
Наступіў, нарэшце, доўгачаканы дзень, калі мы зноў селі за парты. Але вучыцца даводзілася ў вельмі неспрыяльных умовах: у класе было холадна, не хапала падручнікаў, сшыткаў.
А тым часам вайна працягвалася, вясковыя жанчыны атрымлівалі злавесныя “пахаронкі”. Мой сусед па парце, Валодзька Чаган, на ўроках паціху плакаў, яго старэйшы брат Пятро загінуў недзе пад Кенігсбергам…

Віктар НЕСЦЯРОВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *