Нашы землякі ў баях за вызваленне Беларусі

Беларуская аперацыя пад кодавай назвай “Баграціён” увайшла ў гісторыю як адна з найбуйнейшых стратэгічных аперацый Вялікай Айчыннай вайны. Ні ў адной іншай папярэдняй аперацыі не прыцягвалася такая колькасць артылерыі, танкаў і баявых самалётаў.

Намер стаўкі Галоўнага камандавання прадугледжваў глыбокімі ўдарамі чатырох франтоў узламаць абарону праціўніка на шасці напрамках, акружыць і знішчыць групоўкі ворага ў раёнах Віцебска і Бабруйска, пасля чаго, наступаючы ў напрамках Мінска, акружыць і знішчыць на ўсходзе ад беларускай сталіцы галоўныя сілы групы армій “Цэнтр”.
На найбольш важных напрамках праціўнік стварыў 11-14 ліній траншэй, эшаланіраваных у глыбіню на 20-25 кіламетраў, якія прыкрываліся 6-7 радамі драцяной агароды, вялікай колькасцю дотаў і дзотаў, іншых агнявых кропак. Як правіла, узводзіліся яны на правым беразе шматколькасных рэчак.
На досвітку 23 чэрвеня 1944 года пачалася аперацыя “Баграціён” – рашаючы этап бітвы за вызваленне Беларусі. У наступленне перайшлі войскі 1-га Прыбалтыйскага, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў, суткамі пазней — арміі правага крыла 1-га Беларускага фронту. Да завяршэння трэцяга дня аперацыі воіны 65-й арміі 1-га Беларускага фронту выйшлі на Бярэзіну паўночней Бабруйска, акружылі варожыя войскі ў раёне гэтага горада, да 6000 гітлераўцаў здалося ў палон.
У акружэнні і знішчэнні фашыстаў у “Бабруйскім катле” прымалі ўдзел і выхадцы нашага раёна. Адзін з іх – камандзір роты капітан Уладзімір Антонавіч Барташэвіч, удзельнік вызвалення Заходняй Беларусі і Фінскай кампаніі, прайшоў з баямі да гэтага Паўднёвы, Паўночна-Каўказскі, Сталінградскі, Сцяпны, Бранскі і 1-ы Беларускі франты. Далейшы франтавы шлях нашага земляка ляжаў праз Польшчу, Аўстрыю, Венгрыю, Югаславію і завяршыўся ў Германіі.
У вызваленні Крычава, Бабруйска і многіх іншых беларускіх гарадоў вызначыўся і Фёдар Сцяпанавіч Блізнюк – удзельнік Курскай бітвы і разгрому Германіі. У фарсіраванні Дняпра, вызваленні Гомеля, Бабруйска, Рэчыцы, Лоева гераічна змагаўся ўдзельнік вызвалення Заходняй Беларусі і Курскай бітвы падпалкоўнік Мацвей Сямёнавіч Шмэрка. Не менш адважна ваяваў пры вызваленні роднай Беларусі і фарсіраванні Дняпра і Сожа Сямён Сілівестравіч Пусеў.
Напружана складвалася абстаноўка і ў раёне Віцебска, які быў вызвалены 26 чэрвеня. У баявых дзеяннях па вызваленні Віцебска і Оршы адважна паказала сябе наша зямлячка Любоў Захараўна Новік. У вызваленні Віцебска, а затым і Оршы прымалі таксама ўдзел Мікалай Кірэевіч Вайцяховіч, які да гэтага ўдзельнічаў у баях пад Растовам, імферопалем і іншымі расійскімі гарадамі, а таксама Уладзімір Макаравіч Баразнёнак – абаронца Масквы. Былы ўдзельнік Сталінградскай бітвы і вызвалення Данбаса і Крыма Аляксандр Ціханавіч Якімчык таксама стаў актыўным змагаром пры вызваленні Оршы і многіх іншых беларускіх гарадоў.
У складзе 1-га Беларускага фронту за вызваленне Гомеля і Мазыра адважна ваявалі нашы землякі маёр Аляксандр Рыгоравіч Багданаў, Уладзімір Аляксандравіч Грыгаровіч (ён прайшоў вайну ад першага да апошняга дня), Васіль Аляксеевіч Мартынчык, афіцэр Чырвонай Арміі Майсей Арцёмавіч Сакаў, за плячыма якіх быў слаўны баявы шлях. Не менш адважным быў і лейтэнант Міхаіл Фёдаравіч Макараў, асноўнымі вехамі якога ў час вайны былі Заходні, 1-ы Прыбалтыйскі і 1-ы Беларускі франты.
Праз Беларусь далей на Захад з войскамі Чырвонай Арміі і з баямі ішлі сяржант Мікалай Цімафеевіч Пянкрат і лейтэнант Іван Гаўрылавіч Пянкрат, якія на той час ваявалі на суседніх 3-м і 1-м Беларускім франтах.
Рашаючыя схваткі за вызваленне Беларусі разгарнуліся ў паласе наступлення 3-га Беларускага фронту на рацэ Бярэзіне, у раёне Барысава. Наш горад у ходзе гэтых баявых дзеянняў быў вызвалены 3 ліпеня 1944 года 42-й стралковай дывізіяй 69-га стралковага корпуса пры садзейнічанні падраздзяленняў 90-га стралковага палка 95-й стралковай дывізіі 81-га стралковага корпуса. Камандзірамі названых корпусаў былі адпаведна генерал-маёр Мікалай Мікалаевіч Мультан і генерал-маёр Фёдар Дзмітрыевіч Захараў. У вёсцы Жорнаўка на беразе ракі ўстаноўлены памятны знак аб баях, што тут вялі воіны 153-й стралковай дывізіі, якія аказвалі садзейнічанне пры наступленні на Беразіно.
За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях за вызваленне нашага раёна, многія салдаты і афіцэры былі адзначаны высокімі ўзнагародамі. Сярод іх — камандзір артылерыйскага разліку сяржант І.П. Алтухов, камандзір кулямётнага разліку старшы сяржант А.М. Аляксеенка, камандзір эскадрыллі штурмавога авіяпалка капітан К.Ф. Гураў, старшы лётчык штурмавога авіяпалка С.А. Дамінскі, камандзір звяна штурмавога авіяпалка малодшы лейтэнант М.А. Шуканаў, наводчык гарматы Ф.А. Калыхматаў, сяржант Я.А. Бібкоў, камандзір роты разведчыкаў старшы лейтэнант С.І. Паляжайкін і некаторыя іншыя, якія за сваю мужнасць былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Усяго ў баях за вызваленне Бярэзіншчыны загінула 1043 байцы і афіцэры Чырвонай Арміі.
Вось яно і надышло – доўгачаканае 3 ліпеня 1944 года, калі ў ходзе наступальнай аперацыі ад гітлераўскіх захопнікаў была вызвалена сталіца Беларусі — горад Мінск. Ужо 4 ліпеня сюды вярнуліся і прыступілі да работы Мінскі абласны Савет і абкам партыі, а 19 ліпеня з Гомеля пераехалі ў сталіцу Урад і ЦК КПБ. Да канца ліпеня 1944 года часці Чырвонай Арміі выйшлі на заходнюю мяжу былога Савецкага Саюза, 28 ліпеня яны вызвалілі ад акупантаў горад Брэст.

Мікалай АБАЗОВІК,
старшыня раённага савета ветэранаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *