З Днём Незалежнасці, Міншчына! альбо На абласным свяце ў Нясвіжы

 

Маштабна, насычана, цікава прайшло абласное свята да Дня Незалежнасці ў Нясвіжы. У ім прынялі ўдзел дэлегацыі раёнаў вобласці, у тым ліку і Бярэзінскага.

Асноўныя мерапрыемствы прайшлі вечарам — цэнтрам свята стаў гарадскі стадыён.

Распачаўся святочны канцэрт відэафільмам, які “гартаў” старонкі ваенных гадоў Мінскай вобласці, паэтапнае вызваленне гарадоў Міншчыны.

Павіншаваў прысутных старшыня Мінаблвыканкама Анатолій Міхайлавіч Ісачанка:

— Паважаныя госці, жыхары Міншчыны, дарагія ветэраны, ад усяго сэрца віншую вас з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 75- годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ніколі ў сваёй гісторыі беларускаму народу не даводзілася сутыкацца з такім крывавым, бесчалавечным агрэсарам, як гітлераўская Германія. Наш край падвергнуўся татальнаму спусташэнню, людзі адчулі суровыя нягоды і пакуты. На алтар перамогі прынесены мільёны жыццяў нашых суайчыннікаў. Менавіта таму вялікі дзень вызвалення ад нацыскага прыгнёту стаў нашым галоўным дзяржаўным святам.

Мы ганарымся тым, што Мінская вобласць унесла важкі ўклад у разгром фашызму. Яе сыны і дочкі змагаліся на ўсіх франтах, у партызанскіх атрадах, падпольна-разведвальных групах. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, больш за 80 ураджэнцаў і жыхароў Міншчыны ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, тысячы ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі. Не меншы подзвіг здзейснілі нашы бацькі, дзяды, прадзеды, якія ў кароткія тэрміны аднавілі разгромленую краіну. Дзень Незалежнасці — сапраўды вялікая ўрачыстасць, якая выклікае пачуццё гонару за свой народ. Сёння кожны з нас з асаблівай вастрынёй адчувае не толькі сувязь з гістарычным мінулым, але і з будучыняй. Мы павінны зрабіць усё, каб яна была квітнеючай і шчаслівай. За гэта змагаліся нашы гераічныя продкі. Няхай іх подзвігі натхняюць нас на новыя здзяйсненні і перамогі.

Гучалі і відэавіншаванні з Днём Незалежнасці з розных абласцей краіны. Затым гасцей і жыхароў Нясвіжа чакаў сапраўдны падарунак – вялікі канцэрт. Не сціхалі бурныя апладысменты, калі вядомыя мелодыі ваенных гадоў выконваў Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна. Радавалі выступленнямі і заслужаныя артысты нашай краіны. Віншавальную праграму падрыхтавалі і госці з Кітая — жыхары правінцыі Чунцын. Парадаваў сваімі “народнымі” песнямі вядомы расійскі выканаўца Ігар Нікалаеў. Фіналам свята стала акцыя “Праспяваем гімн разам”. Гучала музыка і …. начное неба горада зазіхацела, успыхнула, заіскрылася тысячамі залпаў цудоўнага феерверку. Са святам, Міншчына!

 

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *