Ой, на Івана, на Купалу: як бярэзінцы свята ладзілі

У разгар лета ў Беларусі адзначаюць адно з найстарадаўнейшых народных свят, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі.

Столькі традыцый, ведаў і вераванняў, колькі нясе з сабой Купалле, бадай, не сустрэнеш ні ў адным з іншых беларускіх свят. Нездарма яно лічыцца адным з ключавых у календары і любімым у народзе. Падчас свята, якое прыпадае на дзень летняга сонцастаяння, нашы продкі дзякавалі Сонцу, Вадзе і Зямлі за здабыткі новага года. З прыходам хрысцiянства ў гэты дзень сталі адзначаць яшчэ адно свята — нараджэнне святога Iаана Хрысцiцеля, якога ў народзе называлі Iванам Купалам за тое, што ён пахрысцiў, ці пакупаў, Хрыста. Два святы, па сутнасці, зліліся ў адно. А два святы — гэта яшчэ больш традыцый, паданняў і абрадаў.
Прагугліць месца святкавання, кінуць тэлефон у заплечнік — прыкладна так выглядае сёння спіс спраў у тых, хто збіраецца на Купалле. Раней да свята рыхтаваліся больш адказна. З ранку стараліся схадзіць у лазню і абавязкова папарыцца з зёлкамі і крапівой-жыгучкай. Лічылася, што гэта захавае ад хвароб на ўвесь год. Той, хто ў лазню не трапляў, ішоў да крыніц, мыў твар і кідаў манетку ў ваду, каб адкупіцца ад хвароб. У гэты дзень забаранялася што-небудзь аддаваць, прадаваць, пазычаць і выносіць з хаты агонь ці хлеб — казалі, што за гэта сям’ю магла спасцігнуць нястача.
Навогул, да Купалля нашы продкі ставiлiся з асаблiвай перасцярогай. Магчыма, верылі, што ў гэты час прачынаюцца ўсялікія нячысцікі, якія могуць прабрацца да жылля чалавека і прычыніць шкоду гаспадарцы. Каб засцерагчыся ад іх, на парог хаты клалi крапiву-жыгучку, у дзвярах хлява ставілі маладую асiну, а ў варотах мацавалi велiкодную свечку.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Поўную версію чытайце ў раённай газеце.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *