Заўтра работнікі пажарнай службы Бярэзіншчыны адзначаць прафесійнае свята

«Пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, вырасціць сына…» Менавіта такой жыццёвай праграмы прытрымліваецца камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г. Беразіно Іван Уладзіміравіч Бурымскі.

І.У. Бурымскі

 

Гледзячы на гэтага мужчыну, і не скажаш, што ён ужо адслужыў у страі выратавальнікаў 15 гадоў. А «МНСаўская» гісторыя Івана Уладзіміравіча пачалася ў 2004 годзе. Адразу пасля заканчэння школы ён, зусім юным хлопчыкам, выбраў для сябе небяспечную прафесію пажарнага, і з той пары не бачыў сябе ў іншай ролі.
— Кім я толькі не быў! – дзеліцца Іван Уладзіміравіч. — І дыспетчарам, і пажарным, і старшым пажарным. Некалькі гадоў ужо працую на пасадзе камандзіра аддзялення. За гады службы ўсякага пабачыў на пажарах. Першы час вельмі перажываў за людзей, бяду якіх прыйшлося бачыць на свае вочы. Цяпер жа лічу так: згарэў дом або лазня — гэта паўбяды. Людзі жывыя засталіся — гэта галоўнае…

І.У. Бурымскі

Спартыўныя трэніроўкі — абавязковы элемент кожнай баявой змены. Яны дапамагаюць Івану трымаць сябе ў выдатнай фізічнай форме. У іншы час спортам займацца не атрымліваецца — патрэбен догляд за вялікім домам і прысядзібным участкам. Дом, дарэчы, Іван Уладзіміравіч пабудаваў сваімі рукамі, гадуе двух сыноў. Старэйшага назвалі ў гонар таты, а малодшага — Уладзіславам. Акрамя гэтага, пасадзіў ужо не адно дрэва.
А яшчэ Іван Уладзіміравіч — студэнт. Тры гады таму ён паступіў на завочнае аддзяленне аграмеханічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта.
— Адукацыю за плячыма не насіць! – усміхаецца мужчына. — І з гэтым не паспрачаешся.
За дасягненне высокіх вынікаў у аператыўна-службовай дзейнасці, значны ўклад у прадухіленне і ліквідацыю пажараў і надзвычайных сітуацый, узорнае выкананне службовых абавязкаў Іван Уладзіміравіч Бурымскі ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь «Выдатнік», медалём «160 гадоў пажарнай службе Беларусі», Граматай Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, мае падзякі Бярэзінскага раённага выканаўчага камітэта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *