“Канікулы без дыму і агню” разам з бярэзiнскiмi выратавальнiкамi

Штогадовая летняя акцыя выратавальнікаў “Канікулы без дыму і агню” праходзіць і ў дзіцячых садках Бярэзіншчыны.

Так, выратавальнікаў ужо віталі дзеці з дашкольных устаноў адукацыі “Яслі-сад №2 г. Беразіно”, “Яслі-сад №8 г. Беразіно”, ДУА “Санаторны яслі-сад №1 г. Беразіно”, ДУА “Багушэвіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа”.

Гутарка, загадкі, гульні, спартыўныя эстафеты ідуць адно за адным падчас мерапрыемства. Ды і назвы іх адразу інтрыгуюць маленькіх удзельнікаў акцыі: “Юныя пажарныя”, “Дзе ў доме небяспека?”, “Агонь-дым-вуліца”, “Вогненныя загадкі”. Такая актыўнасць дзяцей – асаблівасць узросту, а вось добрыя веды пра ўласную бяспеку – вынік сумеснай дзейнасці бацькоў, выхавальнікаў і раённых выратавальнікаў. Напрыканцы мерапрыемства дзеці далонькамі перадаюць адно аднаму ўсмешкі, а таксама даюць інспектару прапаганды райаддзела па надзвычайных сітуацыях мноства цвёрдых абяцанняў. Усе яны, натуральна, датычацца правіл бяспечных паводзінаў.

Акцыя працягваецца, і ў планах раённых выратавальнікаў — да канца лета наведаць яшчэ 3 дзіцячыя садкі Беразіно. Хочацца пажадаць дашкольнікам выдатнага летняга адпачынку, добрага настрою. А іх бацькам і выхавальнікам – уважлівасці да гульняў дзяцей. Толькі неабыякавасць і кантроль з боку дарослых змогуць засцерагчы дзяцей ад бяды.

Вольга ДАНЭЙКА,

інспектар сектара прапаганды Бярэзінскага РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *