І.С. Маркевіч сустрэўся з калектывам бярэзiнскiх медыкаў

 

Учора сустрэчу ў калектыве Бярэзінскай ЦРБ правялі намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта І.С. Маркевіч  і  намеснік старшыні Бярэзінскага райвыканкама У.М. Навіцкі. Галоўная тэма сустрэчы – развіццё сацыяльнай сферы Мінскай вобласці і Бярэзінскага раёна ў прыватнасці.

Напачатку сустрэчы Іван Станіслававіч павіншаваў Крысціну Аляксандраўну Крук з назначэннем на пасаду галоўнага ўрача. Ён адзначыў, што К.А. Крук самы малады галоўны ўрач у сістэме аховы здароўя Мінскай вобласці.

— Жадаю вам поспехаў у вашай нялёгкай справе.  Галоўнае – стварыць у калектыве райбальніцы пазітыўную, цёплую атмасферу, каб людзі з задавальненнем звярталіся да вас. Бо, пагадзіцеся, наша задача — рабіць дабро. Сёння  неабходна клапаціцца аб сваім здароўі, займацца спортам, своечасова праходзіць медыцынскі агляд. І наша задача — зрабіць усё магчымае, каб у медыцынскіх установах было высакаякаснае і сучаснае абсталяванне, а самае важнае  – дастойныя кадры. Калі гаварыць у цэлым пра медыцынскія ўстановы вобласці, праблем хапае. Да прыкладу, у Мінскім раёне, які пастаянна расце,  не хапае паліклінік, бальніц. Запланавана будаўніцтва паліклінік у Заслаўі, Азярцы, Хацежына, Прылуках… Будоўля медыцынскага корпуса ў Барысаве. Адным словам, праграма па ўвядзенні новых медыцынскіх устаноў шырокая. Бо здароўе – самае дарагое, што ёсць у нас.

На жаль, не хапае і дашкольных устаноў, школ… У прысталічных раёнах насельніцтва расце, таму неабходна адкрываць і новыя ўстановы. Каб людзям было камфортна: выйшаў, каля дома – садок, школа, бальніца.

У вобласці значная ўвага надаецца і развіццю спорту, адкрываюцца новыя спартыўныя ўстановы. Пагадзіцеся, калі чалавек вядзе здаровы лад жыцця, ён адчувае сябе зусім па-іншаму. Тым больш, дзецям і дарослым ёсць дзе з карысцю праводзіць вольны час. Хочацца, каб як мага больш людзей наведвалі спартыўныя ўстановы. А што для гэтага неабходна? Прымальны кошт абанементаў, розныя скідкі, бонусы, да прыкладу, для шматдзетных сем’яў, дзяцей.

Як адзначыў У.М. Навіцкі, у спартыўных установах раёна цэны “не кусаюцца”. А, да прыкладу, у летні час дзеці могуць наведваць басейн бясплатна.

Уладзімір Міхайлавіч расказаў пра сацыяльную сферу Бярэзінскага раёна: вялікая ўвага ўдзяляецца  ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы. Ідуць рамонты ў многіх дашкольных установах адукацыі.  У гэтым годзе будзе ўцяпляцца трэцяя школа. Многія скардзіліся,  што ў горадзе няма дыскатэкі. Ужо завяршаецца праект па рэканструкцыі бібліятэкі з прыбудовай, дзе і будуць наладжвацца мерапрыемствы для моладзі.

Усе службы раёна працуюць сумесна: калі падчас рэйду выяўляем пажылых людзей, якім ужо складана, да прыкладу, зімой жыць адным ва ўласным, вясковым доме, прапаноўваем ім месца ў аддзяленні кругласутачнага прабывання, што размяшчаецца ў Дулебах.

Вядзецца работа і ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. У гэтым годзе ўведзены сучасныя  ачышчальныя збудаванні. Будуецца станцыя абезжалезьвання і другога пад’ёму вады. Імкнёмся забяспечыць людзей і жыллём. Амаль здалі дом каля бальніцы. Хутка пачнецца будоўля новага, каля царквы. Так, у раёне  існуюць праблемы з няякаснымі дарогамі. Але ёсць графік іх рамонту, якога прытрымліваемся.

Пра работу Бярэзінскай ЦРБ гаварыла галоўны ўрач  К.А. Крук. Яна адзначыла, што сёння асноўны накірунак дзейнасці – гэта нармалізацыя дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне, выкананне паказчыкаў дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь”.  У бальніцы – чэргі мінімальныя, спецыялістаў хапае.  У хуткім часе калектыў папоўняць 16 маладых спецыялістаў.

І.С. Маркевіча цікавіла, дзе пражываюць маладыя медыкі.

— Хтосьці ў арэндным жыллі, іншыя здымаюць пакоі, кватэры, — зазначыла К.А. Крук. – Калі здымаюць жыллё па дагаворы, выплачваецца кампенсацыя – 3 базавыя велічыні.

Было і пытанне наконт аўтобусаў: можна як-небудзь памяняць расклад руху транспарту, ці, да прыкладу, увесці дадатковы аўтобус у бок аграгарадка Косаўка, каб было зручна дабірацца на работу.

— Тэма гэта для нас балючая. Па вобласці вялікі працэнт зношанасці транспарту, — зазначыў І.С. Маркевіч. – Таму за 2020-2021 гады мы павінны зрабіць абнаўленне транспартнага парка.

— У нас ужо ў аўтапарку ёсць два мікрааўтобусы, — зазначыў У.М. Навіцкі. — Будзем працаваць і далей ў гэтым накірунку.

Пыталіся, ці могуць маладыя спецыялісты атрымаць уласныя кватэры.

І.С. Маркевіч адзначыў, што у маладых спецыялістаў ёсць права на льготны крэдыт, а таксама яны могуць стаць у чаргу на атрыманне кватэры.

—  Так, на замацаванне маладых спецыялістаў уздзейнічаюць два фактары: зарплата і наяўнасць жылля. Будзе дастойная зарплата, у перспектыве — магчымасць атрымаць кватэру – малады спецыяліст застанецца ў раёне.

Было пытанне і наконт выдзялення нашаму раёну яшчэ аднаго перасоўнага медыцынскага комплексу. Адзін ёсць, дзякуючы яму колькасць вяскоўцаў, якія абследаваны, нават урачамі вузкай спецыяльнасці, значна ўзрасла. І.С. Маркевіч паабяцаў разгледзець гэтае пытанне.

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *