Чым кормяць бярэзінскіх хлебаробаў на жніве?

Жніво ў разгары. Хлебаробы імкнуцца выкарыстаць па максімуме кожны сонечны дзень, каб як мага хутчэй сабраць ураджай. У полі з ранку да вечара. Але ж патрэбна і падсілкавацца. Таму многім дастаўляюць смачныя, духмяныя, гарачыя абеды прама на поле.

За абедам хлебаробы ААТ «Уша»

Калі мы завіталі ў ААТ “Уша”, на поле якраз прывезлі абеды камбайнерам. Тут шчыравалі Канстанцін Рыгоравіч Бубенька, Аляксандр Іванавіч Белых, Сяргей Алегавіч Лютарэвіч, Алег Эдуардавіч Макоўскі.
— Цікава, што сёння будзе на абед: боршч ці вараная капуста, катлета ці гуляш? – гутараць паміж сабой камбайнеры ААТ “Уша”, пакуль чакаюць свае порцыі. — Шчыра кажучы, кормяць нас добра, меню разнастайнае. Стравы каларыйныя, духмяныя, “з пылу з жару” – як дома.
Дарэчы, нават на полі механізатары абедаюць у камфортных умовах. Ім прывозяць складны стол, крэслы, ваду, мыла, ручнікі…
— Як у кафэ, — жартуюць хлебаробы.
Пакуль гутарым, повар раздае механізатарам абеды. На сёння: катлета, грэчка, суп з капусты, хлеб…
— Смачна! – заўважаюць мужчыны, зняўшы пробу.
З’ядаюць усё з задавальненнем.
— Дзякуй за смачнасці! А можна нам у наступны раз прывезці курачку вэнджаную?! – смяюцца мужчыны…
Мінут 20 на перакур — і хлебаробы зноў спяшаюцца да сваіх камбайнаў, каб хутчэй прыняцца за работу.

Р.Г. Сашко

У ААТ “Уша” гатуюць абеды ў катлапункце. “Чаруюць” над стравамі вопытныя повары Людміла Аркадзьеўна Карпека і Алена Іванаўна Ключнік. Падчас гарачага сезону жніва ў дзень яны рыхтуюць 58 абедаў і 21 падвячорак. На поле працаўнікам дастаўляюць і пітную ваду.
— Так, падчас уборачнай кампаніі мы імкнёмся стварыць для хлебаробаў максімальна камфортныя ўмовы, — зазначае старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Марына Аляксандраўна Каўзуновіч. – Ва ўсіх сельгасарганізацыях кормяць работнікаў, у многіх нават па два разы на дзень ці даюць падвячоркі. Усім абавязкова на поле прывозяць і пітную ваду. А кошт за ўсё нязначны: 10-30 % ад усёй сумы абеду.
Радуе збалансаванымі абедамі работнікаў і загадчыца сталовай ААТ “Бярэзінскі” Раіса Георгіеўна Сашко. Яна корміць хле-баробаў не толькі мясцовай гаспадаркі, але і СУП “АграМАЗ”.

Л.М. Карканіца і М.А. Каўзуновіч

— У дзень прыблізна 30 абедаў і 23 падвячоркі нашым хлопцам плюс 20 абедаў для “АграМАЗа”, — зазначае жанчына. — Стараемся, каб меню было разнастайным. Кожны дзень гатуем нешта новае. Хочацца ж, каб кожнаму спадабаліся стравы. Каб людзі “зарадзіліся” энергіяй і праслаўлялі нашу гаспадарку, раён сваёй шчырай, плённай працай. Бывае, хлопцы заказваюць стравы па сваім гусце. Вядома ж, заказы выконваем.
Дарэчы, у гэтай сталовай ідэальны парадак. На сталах прыгожыя цыраты. У памяшканні радуюць вока кветкі.
Утульна і ў сталовай ААТ “Месціна”. Яшчэ на падыходзе, за некалькі метраў да яе вабяць прыемныя пахі. З самай раніцы завіхаецца тут загадчыца сталовай Лілія Міхайлаўна Карканіца і памочнік повара Ларыса Сцяпанаўна Лапцёнак.

Сталовая ААТ «Бярэзінскі»

— Мой рабочы дзень пачынаецца вельмі рана, — гаворыць Л.М. Карканіца. – Неабходна ж прыгатаваць за дзень ажно 42 абеды і 23 падвячоркі для нашых хлопцаў. І кожнаму хочацца дагадзіць, парадаваць. Ім жа працаваць цэлы дзень у полі. А як кажуць, як пад’ясі, так і папрацуеш.
У хлебаробаў Бярэзіншчыны нараканняў на работу сталовых, катлапунктаў, выязной кухні няма — толькі “смачныя” водгукі. Яно і  не дзіўна: такой разнастайнасці страў пазайздросціць любы санаторый. Тут і расольнік, і боршч, і плоў, і макароны, і грэчка са смажанінай, і катлеты…, а на трэцяе кампот, халодны чай, кісель…

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара і Анатоля ПАЛЫНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *