Названы лепшыя лагеры Міншчыны: сярод іх і наша «Папараць-кветка»

Лепшымі аздараўленчымі лагерамі Мінскай вобласці названы “Вясёлка” Вілейскага і «Патрыёт» Клецкага раёнаў. Летнікі «Папараць-кветка» Бярэзінскага, «Арэса» Любанскага і «Крынічанька» Маладзечанскага раёнаў узнагароджаны дыпломамі II ступені. Замкнулі тройку лідараў «Мы — САМІ!» Вілейскага і «Нёман» Стаўбцоўскага, а таксама спартыўны лагер Салігорскага раёнаў.

А вызначыліся пераможцы 26 ліпеня на абласным фестывалі аздараўленчых лагераў «Летні маршрут — Міншчына», які прайшоў на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна. Журы конкурсу прыдзірліва ацэньвала не толькі творчыя нумары дзяцей і педагогаў, але і вывучала, якая выхаваўчая работа праводзіцца ў лагеры, як хлопчыкі і дзяўчынкі аздараўліваюцца ў час канікулаў. Дзеля гэтага працавалі выставы-прэзентацыі лагераў, выстава–панарама “Каб лета прайшло на ўра!”, інтэрактыўныя дошкі.
На шасці пляцоўках спецыялісты па аздараўленні расказвалі аб грамадзянска-патрыятычным выхаванні, прадстаўлялі лепшыя валанцёрскія і творчыя праекты, дзяліліся вопытам арганізацыі і вучэбна-даследчай дзейнасці. Асобная пляцоўка была прысвечана фізкультурна-аздараўленчай рабоце.
— Дыплом ІІ ступені — важная і каштоўная для нашага калектыву ўзнагарода, — зазначае дырэктар аздараўленчага лагера “Папараць-кветка” Кацярына Аўрамчык, — якая сведчыць, што мы на правільным шляху. Цалкам пераканацца ў гэтым змогуць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія з 4 па 21 жніўня пройдуць у нашым летніку курс аздараўлення і збяруць мноства прыемных уражанняў. Іх павінна хапіць аж да наступнага лета.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *