Лета працягваецца: адкрыўся лагер для будучых бярэзінскіх чэмпіёнаў

Папоўніць сілы, умацаваць здароўе, правесці вольны час карысна юным спартсменам з гарадскіх і сельскіх школ, як і летась, прадаставілася магчымасць у раённай комплекснай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву. Тут з 5 па 24 жніўня (18 дзён) працуе летнік дзённага знаходжання “Алімпіец” для выхаванцаў установы, якія на працягу ўсяго навучальнага года наведвалі заняткі па плаванні, грэка-рымскай барацьбе і футболе .

   

У ЛЕТНІКУ “АЛІМПІЕЦ” – ЦІКАВА!

Праграма дзіцячага адпачынку ў спартыўна-аздараўленчым лагеры “Алімпіец”, скіраваная на дзяцей рознага ўзросту і фізічнай падрыхтаванасці, развіццё іх пазнавальнай дзейнасці, уключае шэраг разнастайных мерапрыемстваў.

– Асноўная ўвага звернута на фізічнае выхаванне, што прадугледжваюць вучэбна-трэніровачныя заняткі па розных відах спорту, накіраваных на фарміраванне здаровага ладу жыцця, – дзеліцца дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву Аляксандр Сахончык.

А. Сахончык

Для дзяцей распрацаваны самыя розныя віды спартыўных заняткаў, вядзецца і індывідуальная работа. Да паслуг выхаванцаў усе залы ўстановы, трэнажоры на вуліцы і стадыён Бярэзінскай гімназіі. .

– Акрамя гэтага, безумоўна, будуць наладжвацца спаборніцтвы, – расказвае начальнік летніка Наталля Палянская. – Так, плануецца правесці спартакіяду па розных відах спорту ўнутры лагера. Дзяцей чакаюць “Дзень барца”, гульні па шашках, Алімпійскія гульні і “Вясёлыя старты”. Прадумана і культурная праграма.

А ВЫХАВАЛЬНІКІ ХТО?

З юнымі спартсменамі на перыяд летняга адпачынку працуе прафесійная каманда трэнераў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву.

– Бацькі, якія адправілі дзяцей у лагер “Алімпіец”, могуць быць упэўнены, што веды, уменні і навыкі, атрыманыя ў нас, дапамогуць у поўнай меры раскрыць спартыўны патэнцыял падлеткаў і пашырыць іх кругагляд, – адзначыла начальнік лагера. – Абяцаюць гэта трэнеры Сяргей Булойчык, Сяргей Палянскі, Кірыл Мінін, Вікторыя Кірылава і іншыя.

ВЯСКОВЫЯ СПАРТСМЕНЫ НЕ ЗАСТАЛІСЯ ЎБАКУ

Н. Палянская

– Сёлета на базе летніка паправяць здароўе і набяруцца сіл на будучы навучальны год 93 хлопчыкі і дзяўчынкі, — зазначае Наталля Іванаўна. — Сярод іх не толькі гарадскія жыхары, але і дзеці з аграгарадкоў Пагост і Уша. Колькасць залічаных дзяцей яўна перавышае мінулагодні паказчык, што сведчыць аб папулярнасці лагера сярод дзяцей і іх бацькоў.

 ПРАЦЯГЛАСЦЬ ДНЯ — НА КАРЫСЦЬ БАЦЬКАМ!

Працоўны дзень лагера пачынаецца ў восемь гадзін трыццаць хвілін ранішняй гімнастыкай і доўжыцца да пятнаццаці гадзін. Прадугледжана трохразовае гарачае харчаванне, якое наладжана ў сталовай Бярэзінскай гімназіі. У меню самыя разнастайныя стравы, фрукты, гародніна, сокі. Па просьбах бацькоў, пры неабходнасці, можа быць створана дзяжурная група трэнераў, якая арганізуе вольны час дзяцей з карысцю.

 Мілана ТРАПЯНОК.

 Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *