З рэчкі не вярнуўся…

 

Усяго толькі каля месяца назад гэты малады мужчына, 1977 года нараджэння, набыў у нашым горадзе дом і пераехаў сюды на пастаяннае месца жыхарства. Але палюбавацца цудоўнымі маляўнічымі краявідамі Бярэзіншчыны і сустрэць тут сваю старасць яму не было суджана. Сёмага жніўня, бліжэй да вечара, ён разам са сваяком вырашыў пакупацца. Праўда для гэтага занятку было выбрана не лепшае месца – не гарадскі пляж ці іншае бяспечнае месца, а абрыў у раёне другой гарадской школы. Мясцовыя жыхары добра ведаюць гэты ўчастак рэчкі і тое, што там абарвалася ўжо не адно жыццё. І вось – чарговая ахвяра вады. Пасля купання на бераг выйшаў толькі адзін плывец. Ён жа і паведаміў аб патапленні сваяка, на пошукі цела якога былі выкліканы вадалазы.

Хтосьці скажа: лёс. Хтосьці запярэчыць: супадзенне. А хтосьці паківае галавой: і гэты купальны сезон не абышоўся без ахвяр. Сапраўды, да гэтага часу, за сем месяцаў з пачатку года ў Бярэзінскім раёне не было зафіксавана ніводнага няшчаснага выпадку на вадзе. І гэта паказчык не толькі работы раённых выратавальнікаў на водах, а і актыўнай дапамогі з боку калектыўных і індывідуальных членаў “ОСВОД” Бярэзіншчыны.

За парушэнне правілаў паводзін каля вады было папярэджана 12 чалавек, з якіх пяцёра непаўналетніх. Супрацоўнікі выратавальнага паста “ОСВОД”, райвыканкама і іншых зацікаўленых службаў і структурных падраздзяленняў рэгулярна праводзілі рэйдавыя мерапрыемствы па месцах масавага адпачынку каля вады і ў забароненых для купання месцах. У плане прафілактычнай работы асаблівая ўвага надавалася дзятве і непаўналетнім.

У ходзе рэйдавых мерапрыемстваў былі дэманціраваны 4 самаробныя канструкцыі для скачкоў у ваду. Адметна, што робяць іх, у сваёй большасці, для забаў дарослыя. Прычым, у забароненых для купання месцах. Зразумела, што ў падобных выпадках да бяды тут толькі адзін крок. Не гаворым ужо пра тое, што можа стацца, калі падобнай “тарзанкай” захочуць пакарыстацца дзеці. Горкі прыклад такіх наступстваў мы яшчэ памятаем.

Паважаныя дарослыя! Помніце, што ваша ўвага да дзяцей, якія знаходзяцца каля вады – гэта гарантыя іх бяспечнага купання. Не стварайце для іх наўмысна перадумоў, якія маглі б прывесці да няшчасных выпадкаў.

А яны, на жаль, сёлета ў Мінскай вобласці ёсць. Так, з пачатку года патанулі 29 чалавек, з іх двое непаўналетніх. У стане алкагольнага ап’янення загінула 15 чалавек – палова ад агульнай колькасці. За гэты час удалося выратаваць 24 чалавекі, у тым ліку 6 дзяцей. Аналіз прыведзенай статыстыкі называе асноўныя прычыны бяды: купанне ў стане алкагольнага ап’янення, бацькоўскі недагляд за дзецьмі, купанне ў забароненых або не прызначаных для гэтага месцах, скачкі ў ваду з самаробных канструкцый, парушэнне эксплуатацыі маламерных суднаў.

Масавы плавальны сезон на Бярэзіншчыне завяршыўся. Спадзяёмся, што сонейка нас яшчэ парадуе і з’явіцца магчымасць адпачыць каля вады.

Добрага і спакойнага вам адпачынку!

Юрый ПАЛЯНСКІ,

старшыня раённай арганізацыі выратавання на водах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *