Атрад бярэзінскіх «тысячнікаў» прырастае

Сельскагаспадарчы філіял “Здравушка-агра” з пачатку жніва стабільна ўваходзіць у пяцёрку лепшых гаспадарак раёна па ўраджайнасці зерневых. Работа па іх уборцы тут вядзецца традыцыйна зладжана і арганізавана, што прыносіць свой плён і выяўляе лідараў кампаніі. Прычым, не толькі ў гаспадарцы. Так, у ліку лепшых у раёне камбайнавыя экіпажы ў складзе Алега Анатольевіча Палянскага і Анатоля Максімавіча Палянскага, а таксама Аляксандра Мікалаевіча Пянкрата і Сяргея Леанідавіча Федарынчыка, Уладзіміра Міхайлавіча Сігаёва і Ігара Аляксандравіча Капанца, кожны з якіх намалаціў больш як па 800 тон збажыны.

В.М. Лапатка ўручае ўзнагароду У.У. Цішкевічу

На фоне іншых перадавікоў філіяла асабліва выдзяляецца вадзіцель аўтамабіля МАЗ-555142 Аляксандр Віктаравіч Жукоўскі. Яшчэ на пачатку тыдня ён разам з сямю лепшымі вадзіцелямі раёна ўвайшоў у лік тых працаўнікоў, якія пераадолелі тысячны рубеж перавезенага каштоўнага грузу. Дапамагаюць зладжанай рабоце А.В. Жукоўскага ўмела арганізаваны рабочы дзень, стараннасць і неабыякавасць у выкананні сваіх абавязкаў.

А.В. Жукоўскі і У.У. Цішкевіч

Падобным жа чынам імкнецца ставіцца да справы і яго малады калега Уладзімір Уладзіміравіч Цішкевіч. На яго рахунку не толькі больш за тысячу перавезеных тон збожжа, а і першае месца ў раённым спаборніцтве сярод маладых вадзіцеляў. Што і казаць, дастойная змена падрастае ў працаўнікоў палёў.
Дарэчы, на сёння тысячны рубеж на адвозцы збожжа ў раёне пераўзышлі 9 чалавек. Акрамя вышэйназваных, гэта лідары раённага спаборніцтва — Міхаіл Валер’евіч Маркоўскі, Міхаіл Мікалаевіч Салавей і Аляксандр Васільевіч Жукоўскі з ААТ “Пагосцкі”, Мікалай Аляксандравіч Собаль з ААТ “Брадзец”, Леанід Анатольевіч Антаневіч з ААТ “Багушэвічы”, Мікалай Валер’евіч Данільчанка з ААТ “Бярэзінскі” і Андрэй Анатольевіч Шынкевіч з філіяла СП “Арэшкавічы”.
Нашы віншаванні і далейшага плёну ў працы!

Па аператыўнай інфармацыі райсельгасхарчу па стане на 8 жніўня каласавыя ўбраны на плошчы 13839 гектараў, што склала 81% да плана. Намалочана 28965 тон збожжа.
Па тэмпах уборкі і ўраджайнасці лідзіруюць філіял СП “Арэшкавічы” (дырэк- тар С.І. Счасны), дзе ўбрана 100% зерневых пры ўраджайнасці 33 цэнтнеры  з гектара; УП “АграМАЗ” (дырэктар В.М. Цэдрык), дзе ўбрана 96% зерневых пры ўраджайнасці 26 цэнтнераў з гектара; ААТ “Пагосцкі” (дырэктар Н.У. Сокал), дзе ўбрана 95% зерневых пры ўраджайнасці 24 цэнтнеры з гектара. У цэлым па раёне збожжавыя культуры далі ўраджайнасць 21 цэнтнер з гектара.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ і Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *