Цэнтральная тэма пасяджэння каардынацыйнага савета — туберкулёз

На чарговым пасяджэнні каардынацыйнага савета па дэмаграфічнай бяспецы разгледзелі выкананне мерапрыемстваў падпраграмы “Туберкулёз” Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016-2020 гады, а таксама разабралі выпадкі суіцыдальных паводзін падлеткаў за 6 месяцаў бягучага года.

Як адзначыла ў сваім выступленні галоўны ўрач Бярэзінскай ЦРБ Крысціна Аляксандраўна Крук, за 6 месяцаў 2019 года па Мінскай вобласці адзначаецца зніжэнне колькасці захворванняў туберкулёзам. У нашым раёне за дадзены перыяд у чатырох чалавек выяўлены туберкулёз. У дзвюх жанчын і дваіх мужчын, двое — працаздольнага ўзросту, але нідзе не працавалі, і 2 – пенсіянеры.
Ва ўсіх захворванне выяўлена падчас медыцынскіх аглядаў.
— Таму яшчэ раз нагадваю, што неабходна своечасова праходзіць медыцынскія агляды, выконваць назначэнні ўрачоў, — зазначыла К.А. Крук. – Праходзьце і флюараграфічнае абследаванне – яно дапамагае выявіць шматлікія захворванні. У ЦРБ ёсць рэнтгенапарат з тамаграфічнай прыстаўкай і «Пульмасканам». Для абследавання вяскоўцаў выкарыстоўваецца перасоўны флюарограф Мінскага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера.
Далей выпадкі суіцыдальных паводзін сярод падлеткаў на тэрыторыі Бярэзінскага раёна прааналізаваў урач-псіхіятр-нарколаг Бярэзінскай ЦРБ Аляксей Васільевіч Завадскі.
Ён адзначыў, што ў 2 хлопцаў-падлеткаў зафіксаваны суіцыдальныя паводзіны. Зараз з імі працуюць спецыялісты. У непаўналетніх на целе былі шматлікія парэзы. Прычына такіх неабдуманых учынкаў — нераздзеленае каханне.
— Паважаныя бацькі, калі ласка, гутарыце са сваімі дзецьмі, — зазначыў А.В. Завадскі. Наладзьце з імі кантакт, цікаўцеся, як справы, абмяркоўвайце разам праблемы, стройце планы… Не дазваляйце пастаянна “завісаць” у камп’ютарах, тэлефонах. Калі бачыце, што ёсць нейкія праблемы, падлетак “замкнуўся”, звяртайцеся да спецыялістаў. У райбальніцы працуюць псіхатэрапеўт, псіхіятр-нарколаг, медыцынскі псіхолаг — разам лягчэй знайсці выхад нават з самай складанай сітуацыі.
Падводзячы вынікі пасяджэння, намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Міхайлавіч Навіцкі засяродзіў увагу на тым, што неабходна данесці да людзей, растлумачыць: флюараграфічнае абследаванне, ды і, увогуле, медыцынскі агляд абавязкова патрэбна праходзіць своечасова. Вядома ж, працягваць і прафілактычную работу.
Дарэчы, 16 жніўня ў памяшканні аўтавакзала з 10.00 да 12.00 медыцынскія работнікі правядуць акцыю “Узнай о туберкулезе все!” Падчас акцыі можна будзе аформіць падпіску і на “Бярэзінскую панараму”!

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *