Як засцерагчыся ад туберкулёзу? Парады ад урача-фтызіятра Бярэзінскай ЦРБ

Ад гэтай страшнай хваробы памёр вядомы беларускі пісьменнік Максім Багдановіч. У той час дыягназ “туберкулёз” быў амаль смяротным прыгаворам. На шчасце, сёння з развіццём медыцыны, туберкулёз лечыцца і нават вылечваецца. Галоўнае — своечасова яго выявіць і выконваць рэкамендацыі спецыялістаў.

Што такое туберкулёз, якія сімптомы, навошта праходзіць флюараграфічнае абследаванне… Аб гэтым мы пагутарылі з вопытным урачом-фтызіятрам Бярэзінскай ЦРБ А.І. КАТОВІЧАМ:
— Аляксандр Іванавіч, патлумачце, што ж такое туберкулёз?
— Туберкулёз – інфекцыйнае захворванне, якое перадаецца паветрана-кропельным шляхам, радзей праз ежу альбо прадметы. Узбуджальнік хваробы — палачка Коха, якая паражае розныя органы, часцей за ўсё — лёгкія. Хвароба можа доўга “драмаць”: палачка застаецца ў неактыўнай форме досыць працяглы час.
— А якія асноўныя сімптомы туберкулёзу?
— Гэта хвароба “падманлівая”. Часта пацыенты нават не падазраюць аб ёй. Як правіла, спачатку захворванне працякае без яўных сімптомаў. Людзі думаюць, што пакашляюць крыху — і перастануць. Але калі больш 2-3 тыдняў непакоіць кашаль, трымаецца павышаная тэмпература і адчуваецца агульнае недамаганне, трэба тэрмінова звяртацца ў бальніцу. Да таго ж туберкулёз распаўсюджваецца паветрана-кропельным шляхам. І пакуль чалавек не здагадваецца пра хваробу, ён можа заразіць іншых людзей. А самыя першыя сімптомы — невялікае павышэнне тэмпературы цела ў вячэрні час, якое суправаджаецца моцным потавыдзяленнем, зніжэннем апетыту, павышаным сэрцабіццем.
Пры абследаванні можна выявіць туберкулы — тварожыстыя камячкі, якія ўтвараюцца ў месцах, пашкоджаных хваробай. Часцей за ўсё – лёгкіх. Далей жа праз кроў інфекцыя можа патрапіць у іншыя органы. Пры паражэнні лёгкіх назіраюцца хранічны кашаль і крывахарканне. Змяншаецца маса цела, твар становіцца бледным і завостраным.
— Як засцерагчыся ад туберкулёзу?
— Вядома ж, праходзіць медыцынскі агляд, рабіць флюараграфічнае абследаванне. Каб своечасова выявіць захворванне, назначыць курс лячэння. Чым раней выявілі захворванне, тым больш шансаў на ачуньванне. Дарэчы, калі ў вас ёсць дзеці, не забывайцеся рабіць ім усе неабходныя прышчэпкі — гэтым вы можаце выратаваць ім жыццё.
На жаль, і сёння фіксуецца смяротнасць ад туберкулёзу. За 6 месяцаў бягучага года ў Мінскай вобласці памерла 18 чалавек. Чаму? Ігнаравалі флюараграфічнае абследаванне — позна выявілі захворванне, не выконвалі рэкамендацыі ўрачоў…
– Ці ёсць якія-небудзь прафілактычныя меры ў барацьбе з гэтым захворваннем?
— У першую чаргу, гэта захаванне санітарна-гігіенічных нормаў. Не карыстайцеся чужымі сталовымі прыборамі і асабістымі рэчамі, устрымайцеся ад пацалункаў з малазнаёмымі людзьмі і ад поціскаў рукі (ці потым не забывайцеся мыць рукі з мылам). Нават у звычайнай кнізе, калі яе патрымаў інфіцыраваны чалавек, палачка Коха можа жыць на працягу трох месяцаў.
Абавязкова трымайце ў чысціні дом. Рэгулярная вільготная ўборка патрэбна ў ім не толькі для прафілактыкі туберкулёзу, але і для барацьбы з многімі іншымі небяспечнымі захворваннямі. Памяшканне неабходна часцей праветрываць. І самае галоўнае — зрабіце ўсё, каб пазбавіцца ад мух і тараканаў, паколькі даказана, што яны могуць з’яўляцца разносчыкамі туберкулёзу. Правільна харчуйцеся, загартоўвайцеся, адпачывайце – умацоўвайце імунітэт, каб ён “змагаўся” з многімі захворваннямі, у тым ліку і з туберкулёзам. Будзьце здаровымі, бадзёрымі і шчаслівымі!

Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *