Віншаванні прымае багушэвіцкі «тысячнік»

На канец мінулага тыдня камбайнеры ААТ “Багушэвічы” намалацілі 1932 тоны збожжа. Больш паловы з іх, а дакладней звыш тысячы тон, на зерняток даставіў магутны МАЗ-6501 Леаніда Анатольевіча Антаневіча. З нагоды таго, што вадзіцель папоўніў рады “тысячнікаў”, да яго з падзякамі, прэміяй і каштоўным падарункам, каб ушанаваць старанную працу хлебароба, прыбылі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Міхайлаўна Лучанок і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Марына Аляксандраўна Каўзуновіч.

Т.М. Лучанок, Л.А. Антаневіч, М.А. Каўзуновіч

Застаць Л.А. Антаневіча на месцы ў такую гарачую пару вельмі складана: ён пастаянна на полі або вязе каштоўны груз на зерняток. Прастойваць тут няма калі, бо за час жніва ў гаспадарцы трэба ўбраць амаль 1500 гектараў зерневых. Праўда, сёння гэтая работа ўжо наблізілася да завяршэння і ўбраць тут засталося менш 20 працэнтаў агульнай плошчы.
Леанід Анатольевіч на жніве чалавек не новы. Сваю справу ведае добра, умее дакладна размеркаваць рабочы час для таго, каб ніводная мінута не марнавалася. Сёлетні поспех для вадзіцеля ўжо не першы. Так, летась менавіта ён адкрываў спіс вадзіцеляў-тысячнікаў раёна.
— На жаль, на гэты раз у нашай гаспадарцы колас аказаўся менш умалотным, чым у мінулым годзе, калі ён даў звыш 23 цэнтнераў з гектара, — тлумачыць Л.А. Антаневіч, — але і пры такіх умовах поспеху дасягнуць можна. Хаця, стаць тысячнікам – для мяне не самамэта. Галоўнае для кожнага хлебароба на жніве — гэта ў аптымальныя тэрміны і без страт убраць вырашчанае.
Сярод іншых удзельнікаў жніва ў ААТ “Багушэвічы” вызначаецца камбайнавы экіпаж у складзе Мікалая Аляксандравіча Емельяненкі і Аляксандра Сяргеевіча Клімашонка, які замыкае сабой дзясятку лепшых экіпажаў раёна. Старанна рупяцца ў сельгаспрадпрыемстве і прадстаўнікі зернесушыльнай гаспадаркі.
Так, толькі пры зладжанай рабоце ўсіх звенняў агульнага механізма можна дасягнуць станоўчага выніку. А без яго на жніве не абысціся.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *