Маладое папаўненне прыбыло на Бярэзіншчыну

Жнівень — асаблівы месяц для большасці працоўных калектываў раёна. У гэты час ідзе абнаўленне маладымі спецыялістамі, якім па традыцыі належыць аказваць пільную ўвагу і клопат.

– Сёлета ў раён пасля размеркавання вярнуліся 66 спецыялістаў з вышэйшай, сярэдне-спецыяльнай і сярэдне-тэхнічнай адукацыяй, — расказвае начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Бярэзінскага райвыканкама В.В. Мельнічонак. — Гэта значна менш, чым у папярэднія гады. Аднак засмучацца не дае той факт, што большасць з маладога папаўнення вярнулася ў родныя мясціны і вырашыла тут пачынаць свой працоўны шлях.
Пачнём з маладога папаўнення з дыпломамі аб вышэйшай адукацыі (19 чалавек). Тут сёлета багата прадстаўнікоў аграрных прафесій і інжынераў. Так, у калектыў Бярэзінскай раённай ветэрынарнай станцыі прыйшлі ўрач-радыёлаг і ўрач-эпізатолаг, у ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” прынялі справы новыя галоўны інжынер і эканаміст, прыйшлі маладыя работнікі ў дарожныя арганізацыі.
Не можа не радаваць, што большасць пачынаючых работнікаў (32 чалавекі) мае сярэдне-спецыяльную адукацыю, атрыманую ў медыцынскім, аграрна-тэхнічным, гандлёва-эканамічным, дарожна-будаўнічым, лясным, лесатэхнічным каледжах, установах культуры і спажывецкай кааперацыі. Усіх іх цёпла прынялі калектывы раённай бальніцы, ДУП “Бярэзінская ПМС”, ДБУ №31, ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас”, спажыўкааперацыі, сельгаспрадпрыемстваў. І ў рэшце рэшт атрад адукаваных спецыялістаў сярэдняга звяна, найбольш запатрабаванага на рынку працы раёна. Асобна трэба вызначыць, што карысць ад гэтага атрымаюць не толькі работадаўцы, але і бярэзінцы. Так, у Дзмітравіцкім сельскім клубе-бібліятэцы з’явіўся новы культарганізатар, а ў Бярэзінскай дзіцячай школе мастацтваў маладыя спецыялісты першага верасня правядуць свае першыя заняткі па класе саксафона і цымбалаў.
Унушальны атрад і маладых выпускнікоў ліцэяў. Тут і трактарысты, і вадзіцелі пагрузчыка, і слесары-рамонтнікі, і тынкоўшчыкі, і прадаўцы, і цырульнікі, чые працавітыя рукі і сучасныя веды, як ніколі, патрэбны прадпрыемствам раёна.

— Ужо сёння большасць маладых спецыялістаў прыступілі да працы і паступова асвойваюцца на першых працоўных месцах, – зазначае Вольга Віктараўна. — Таму перад кіраўнікамі, ідэалагічнымі работнікамі і прафсаюзнымі лідарамі стаіць задача — атуліць новых работнікаў увагай і клопатам, стварыць для іх выдатныя ўмовы працы і пражывання, каб нішто не псавала іх рабочы настрой і яны маглі цалкам прысвяціць сябе выбранай справе.
Балазе, традыцыі асаблівага стаўлення да маладых спецыялістаў у нашым раёне ёсць і яны беражліва захоўваюцца. Так, штогод райвыканкам наладжвае злёты маладых спецыялістаў, на жнівеньскай педагагічнай нарадзе ўрачыста вітаюць новае папаўненне, у медыкаў таксама багата мерапрыемстваў у гонар маладых. Зараджаюцца традыцыі і ў раённым аддзеле ўнутраных спраў.

Так, 14 жніўня ў актавай зале раённай міліцыі прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння табельнай зброі маладым супрацоўнікам.

Свае пісталеты Макарава атрымалі оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку, лейтэнант міліцыі Мікіта Юр’евіч Гарэлік і оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі лейтэнант міліцыі Уладзіслаў Ігаравіч Мезян. Са словамі наказаў на сумленную працу да пачынаючых праваахоўнікаў звярнуліся начальнік Бярэзінскага РАУС, падпалкоўнік міліцыі Андрэй Міхайлавіч Заяц і старшыня ветэранскай арганізацыі, палкоўнік міліцыі ў запасе Сяргей Мікалаевіч Семяняка.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *