Чарговы герой праекта рэдакцыі газеты #знайдзі свой 1% — сям’я Яфрэменка з Багушэвіч

Алег Анатольевіч і Рыта Анатольеўна Яфрэменка з двума сынамі вось ужо трэці год як жывуць у аграгарадку Багушэвічы. Па душы былым сталічным жыхарам аказаліся тутэйшыя маляўнічыя мясціны з багатай гісторыяй, шчодрасцю лясоў і прахалодай ракі, аднак паўнавартаснымі вяскоўцамі іх мясцовыя людзі пакуль не лічаць. Яно і зразумела, сям’я новых багушэвіцкіх жыхароў прытрымліваецца нязвыклага для большасці экалагічнага ладу жыцця. Яны – уладальнікі ўласнага дома, строгія вегетарыянцы, займаюцца арганічным земляробствам і нават у вялікія святы не бяруць у рот ні кроплі спіртнога, а самае галоўнае — стараюцца прывіць вяскоўцам ідэі папулярных у Расіі экапаселішчаў.

Экапаселішчы ў Беларусі – параўнаўча малады рух. Зараз існуе каля 50 экапаселішчаў, а гэта больш за 180 чалавек, якія ствараюць свае радавыя маёнткі па ўсёй краіне. Сярод прыхільнікаў новага руху — прадстаўнікі самых розных прафесій, людзі з розным дастаткам, якія прапагандуюць гармонію з прыродай, экалагічнае будаўніцтва і арганічнае земляробства. Упершыню рух з’явіўся ў Расіі, дзе ў асобных рэгіёнах прыняты закон аб радавых маёнтках. На думку спецыялістаў, ён у значнай ступені стымулюе развіццё вёскі.
Заканадаўчая база Беларусі дазваляе кожнаму жадаючаму на розных умовах атрымаць зямельны ўчастак у сельскай мясцовасці і заняцца яго ўладкаваннем. Аднак, як сведчыць рэальны стан вясковых спраў, беларусы пакуль не гатовы вярнуцца на зямлю, да цяжкай сялянскай працы, жыць з уласнага мазаля і захоўваць былыя традыцыі.

А ЎСЁ ПАЧАЛОСЯ З ЁГІ

— Па спецыяльнасці я — навуковы работнік з вышэйшай адукацыяй і дысертацыяй, але працяглы час паспяхова працавала ў сеткавым бізнесе, нават у ліку лепшых распаўсюджвальнікаў касметыкі некалькі разоў выязджала за мяжу на адпачынак, — расказвае аб сабе Рыта Анатольеўна. — Справы ладзіліся і вольнага часу было дастаткова. Таму я і захапілася ёгай, каб дасягнуць пэўнай жыццёвай гармоніі.

Трэнер вымавіў, што для ўласнага развіцця патрэбна не толькі выконваць пэўныя асаны, але і прыкласці значна большыя намаганні, напрыклад, выкарыстоўваць галаданне альбо начыста адмовіцца ад жывёльнай ежы. Словы надоўга запалі ў жаночую душу і яна вырашыла паспрабаваць.
— Вымушана прызнацца, што першыя спробы галадаць былі для мяне і мужа не вельмі ўдалымі, — распавядае жанчына, — бо за тыдзень без ежы на нас было балюча глядзець. Аднак паступова мы прайшлі праз працэс ачышчэння і асвоілі вегетарыянства.

Без мяса і яек сям’я Яфрэменка жыве каля 7 гадоў і ніколькі не шкадуе аб прынятым рашэнні. І тут Рыта Анатольеўна ўдзячна свайму мужу.
— Невядома, як бы склаўся наш новы лад жыцця, калі б не падтрымка му жа, — зазначае жанчына. — Алег як роўны са мной прайшоў усе нягоды. Фігура мая не змянілася, а вось імунітэт замацаваўся. Ды і не хварэе з нашай сям’і ўжо даўно ніхто ні летам, ні зімой.
Вегетарыянства на “ўра” ўспрынялі іх двое хлапчукоў. Яно і зразумела, бо ў рацыёне дзяцей дашкольнага ўзросту багата расліннай ежы. Тут агародніна, садавіна, зеляніна, мноства арэхаў, сухафрукты, кашы, тварог.

Поўную версію чытайце ў нумары 62 газеты ад 21 жніўня.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *