Беразіно стаў багацейшым яшчэ на адзін шматпавярховы дом

Сёлета ў ліпені наш горад стаў багацейшым яшчэ на адзін шматпавярховы жылы будынак. Узвысіўся ён на вуліцы Марыі Рамановіч і годна ўпісаўся ва ўжо існуючы масіў падобных пабудоў. Такім чынам, яшчэ 40 сем’яў бярэзінцаў палепшылі свае жыллёвыя ўмовы і неўзабаве ў толькі што ўзведзеных сценах з’явяцца навасёлы і загучыць радасны дзіцячы смех, бо будаўніцтва аб’екта вялося ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №240, які прадугледжвае льготнае выдзяленне жылля для мнагадзетных сем’яў.

Шчаслівы ўладальнік кватэры ў новым доме — шматдзетная сям’я Драка

Заказчыкам аб’екта выступіла камунальнае дачэрняе ўнітарнае прадпрыемства “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Беразіно”, якім кіруе І.А. Саскавец. Сёння яна – наша суразмоўца.
— Ірына Аляксандраўна, узвядзенне яшчэ аднаго жылога дома ў нашым райцэнтры гаворыць пра планамерную работу мясцовых органаў улады па забеспячэнні бярэзінцаў жыллём: за апошнія гады вырас цэлы прыгажун-мікрараён! Якія далейшыя перспектывы?
— Ёсць. І захады, і праекты. Пачнём з таго, што ўзгаданы ўжо мікрараён з вуліц Марыі Рамановіч і Хонінава, дзе размешчаны ЖБК «Жамчужына Бярэзіны» і некаторыя іншыя шматпавярхоўкі, поўнасцю ўкамплектаваны. Далейшае жыллёвае будаўніцтва будзе весціся за кошт ушчыльнення існуючых вуліц. Так, месцам “пасадкі” чарговага жылога дома на 40 кватэр стане адрас: вуліца Кастрычніцкая, 5 (гэта побач з Нікольскім храмам). Новабудоўля з’явіцца на месцы былога прыватнага аднапавярховага дома. Па аналогіі ў далейшым плануем распачаць будаўніцтва жылога дома на ўчастку вуліцы Кастрычніцкай, 7-9. Адначасова, такім чынам, мы палепшым і эстэтычны выгляд цэнтральнай вуліцы горада.
Ужо сёння распрацавана дакументацыя і яшчэ на адзін шматпавярховы дом. Размесціцца ён таксама па вуліцы М. Рамановіч, але крыху далей ад перакрыжавання з трасай Мінск-Магілёў і стане суседам дзіцячай школы мастацтваў. Тут, зноў жа, свае жыллёвыя ўмовы палепшаць 40 сем’яў. Падкрэслю, у дадзеным выпадку гутарка ідзе пра мнагадзетныя сем’і і пра тыя аб’екты, дзе заказчыкам выступае менавіта ўпраўленне капітальнага будаўніцтва. Наогул, мы павінны да 2021 года забяспечыць камфартабельным жыллём усе маючыя ў ім патрэбу мнагадзетныя сем’і. Менавіта ў адпаведнасці з існуючай чаргой і колькасцю даціруемых такім сем’ям квадратных метраў і распрацоўваюцца праекты будучых дамоў.
— А як часта выступае ваша ўпраўленне ў якасці заказчыка пры будаўніцтве іншых аб’ектаў?
— Чарговым такім аб’ектам будзе новае пажарнае дэпо. Размесціцца яно па вуліцы Прамысловай, непадалёк ад базы ДРБУ-192. Адразу зазначу: у дадзеным выпадку слова “дэпо” не зусім будзе адпавядаць свайму стэрэатыпнаму значэнню. Новы штаб выратавальнікаў стане цэлым комплексам са спартыўнымі пляцоўкамі, кабінетамі і класамі, мойкай для машын, камфортнымі пад’язнымі шляхамі і дваром. Пакуль што вядуцца пошукі адпаведнага праекта і яго распрацоўшчыкаў, стварэння праектна-каштарыснай дакументацыі, затым — вызначэнне падрадчыкаў… Апераджаючы ваша пытанне, скажу, што будаўнічыя работы мяркуем распачаць не раней другой паловы 2020 года.
— Ірына Аляксандраўна, зразумела, што вялікія і значныя аб’екты дастаўляюць нямала і клопатаў. Аднак, разумею, з іх складаецца сутнасць штодзённай дзейнасці вашага калектыву. Якія яшчэ праблемы вы вырашаеце?
— Мы працуем у цеснай сувязі з раённай праграмай будаўніцтва. І ніводзін будаўнічы або рамонтны аб’ект не абыходзіцца без нашага кантролю і інжынернага суправаджэння. Так, зараз сочым за работамі на пазапляцоўкавых сетках і збудаваннях па ўзвядзенні станцыі абезжалезьвання РКУВП “Бярэзінская ЖКГ”, што вядуцца ў Вуліне, таксама ўцяпленне фасадных сцен будынка СШ №3 г. Беразіно, замена даху ў дзі-цячым садку №7, устаноўка ліфтаў у Бярэзінскай райбальніцы і г.д. Неўзабаве прыступім да тэхнічнага нагляду за будаўніцтвам магазіна ТАА “Санта Рытэйл”, які размесціцца на перакрыжаванні вуліц Перамогі і Дзяржынскага. Мы таксама кантралюем правільнасць выканання каштарыснай дакументацыі, аб’ёмы выкананых работ, займаемся іншай дзейнасцю. У кожнага з пяці падначаленых спецыялістаў ёсць свой канкрэтны аб’ём работ, з якім яны паспяхова спраўляюцца.
Наша ўпраўленне цесна супрацоўнічае з многімі іншымі службамі, якія заняты архітэктурай, будаўніцтвам і добраўпарадка-ваннем нашага горада, землеўпарадкавальнай службай. Толькі ў цесным кантакце паміж сабой, кожны на сваім участку, мы зможам вырашаць тыя агульныя задачы, якія ствараюць людзям камфортныя ўмовы жыцця і добры настрой. Калі ў тым ці іншым горадзе вядзецца будаўніцтва, значыць у яго ёсць добрая перспектыва далейшага развіцця. Мяркуючы па тых пераменах, што адбываюцца апошнім часам у Беразіно, перспектыва ў яго таксама ёсць.

Інтэрв’ю падрыхтаваў Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *