Яўгеній Кудзін — малады «тысячнік» УП “АграМАЗ”

Малады вадзіцель УП “АграМАЗ” Яўгеній Кудзін перавёз на зернесушыльны комплекс больш за тысячу тон збожжа.
– З пачатку ўборачнай кампаніі ніхто з вадзіцеляў і камбайнераў не ставіць за мэту стаць “тысячнікам”, – адразу прызнаецца Яўгеній. – Усе спяшаюцца своечасова ўбраць і абмалаціць зерневыя палеткі, вывезці збожжа, не прасыпаўшы ў полі і па дарозе ні зярняці. Ды і як было строіць планы на перамогу, калі штодзень прасілі літасці ў прыроды? Жніво для большасці земляробаў сёлета аказалася “валідольным” з-за праліўных дажджоў.
Але і ў такіх напружаных умовах Яўгеній здолеў перавезці сваю тысячу. Не падвялі вадзіцеля стрыманасць і дагледжаны магутны МАЗ-6501В5.
— У гарачы і адказны час самае галоўнае — не растрачваць энергію дарма, — расказвае малады “тысячнік”. – На жніве кожная гадзіна на ўліку. Таму тут трэба захоўваць спакой і хутка шукаць правільнае выйсце, бо хлебныя нівы доўга не чакаюць.
Такая разважліваць і сялянская мудрасць у Яўгенія Кудзіна ад бацькоў, якія жывуць у вёсцы Васілеўшчына. Матуля шчыруе цялятніцай, а бацька — трактарыстам ва УП «АграМАЗ». Бацькі радуюцца, што сын вярнуўся ў родную вёску і цяпер як роўны з імі шчыруе на зямлі.
– Хачу, каб тата і маці не чырванелі за мяне, а адчувалі, што іх сын — шчаслівы на роднай зямлі. Хачу сустрэць тут сваю суджаную, каб пабудаваць уласны дом і разам гадаваць дзяцей, – адзначае Яўгеній. — А гэта, без сумненняў, самая моцная матывацыя, якая надае сіл для дасягнення высокіх паказчыкаў.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *