У мінулыя выхадныя на Бярэзіншчыне прайшоў суботнік

Быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Такога меркавання прытрымліваюцца і тыя бярэзінцы, што падтрымалі ініцыятыву працоўных калектываў горада, выйшлі на суботнік у мінулыя выхадныя і далучыліся да агульнай справы на карысць нашай Бярэзіншчыны.

Работа кіпела як у горадзе, так і ў сельскіх населеных пунктах. Дарэчы, шырока разгарнулася яна ўжо напярэдадні. У пятніцу добраўпарадкаваннем аграгарадка Косаўка былі заняты вяскоўцы з мясцовага сельгаспрадпрыемства “Бярэзінскі”, сацработнікі, супрацоўнікі аддзелаў рай- і сельвыканкама, лясной гаспадаркі, педагогі. Абкошвалі тэрыторыю, выразалі хмызнякі, падфарбоўвалі… Дзякуючы сумесным намаганням, на вачах прыгажэлі ўстанова культуры, сквер, будынак паштовага аддзялення і комплекснага прыёмнага пункта. Абноўлены выгляд набыў і помнік землякам-героям Вялікай Айчыннай вайны, што загінулі ў баях за вызваленне і незалежнасць нашай Радзімы.

Навядзеннем парадку на спартыўных аб’ектах займаліся работнікі фізкультурна-аздараўленчых цэнтраў. Прыгажосць і ўтульнасць на ўласнай і прылеглай тэрыторыях стваралі работнікі аўтапарка № 22 і Бярэзінскага ПМС. Дарэчы, у апошняй з іх штогод шмат увагі надаецца добраўпарадкаванню. Кіраўніцтва і калектыў прадпрыемства не стамляюцца радаваць творчымі знаходкамі бярэзінцаў і гасцей горада. Гэта і прыгажуня-ёлка, і яркакрылы матыль… А сёлета тэрыторыю каля адміністрацыйнага будынка і вытворчых памяшканняў упрыгожылі “зялёныя” кампазіцыі з хвойных раслін – туй.

Не займаць фантазіі і крэатыву і работнікам другой сярэдняй школы горада. Нездарма вучнёўска-педагагічны калектыў установы штогод знаходзіцца ў ліку пераможцаў і прызёраў шматлікіх конкурсаў па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый. Падчас суботніка тут прыводзілі ў парадак школьны стадыён, дзе днямі пройдзе ўрачыстае мерапрыемства з нагоды Дня ведаў. Дарэчы, цяпер у бацькоў і дзяцей будзе выдатная магчымасць зрабіць яркія і прыгожыя здымкі на памяць у спецыяльна створанай на прышкольнай тэрыторыі фотазоне “Мой родны кут”, дзе сімвалічныя вобразы Бярэзінскага краю перапляліся з патрыятычнымі матывамі.

Алена МУРАЧ.

Фотакалаж Алены ГРОМАВАЙ. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *