За што пакараны рублём жыхары Навасёлак?

Калі правілы пажарнай бяспекі — пусты гук… Менавіта такога меркавання прытрымліваліся дзве жыхаркі вёскі Навасёлкі. Яны выпальвалі ржышча і пажніўныя рэшткі на сваіх агародах па вуліцах Ленінская і Садовая 25 і 27 жніўня. За што і былі пакараны рублём.

Нагадаем: з-за падобных дзеянняў штогод у раёне адбываецца каля дзясятка пажараў. Літаральна за некалькі хвілін агонь можа перакінуцца на сухую траву навокал, а далей падзеі разгортваюцца амаль па адным сцэнарыі: пачынае загарацца лазня ці хлеў, а людзі ў спробах патушыць агонь атрымліваюць апёкі. У Беларусі зафіксаваны і выпадкі гібелі пры падобных абставінах. Таму рабіць гэта катэгарычна забараняецца, і штраф за такія паводзіны прадугледжаны ў памеры да 40 базавых велічынь (да 1020 рублёў).
Так, у названым выпадку парушальнікі атрымалі штрафы ў памеры 51 і 255 рублёў. Спальваць жа смецце з улікам пэўных правілаў можна. Калі вы не ведаеце, ці з’яўляюцца вашы дзеянні па спальванні смецця ці сухастою правільнымі, лепш патэлефануйце ў Бярэзінскі райаддзел па надзвычайных сітуацыях па тэлефоне 5-54-47. Падобная інфармацыя змяшчаецца і на стэндах у месцах з масавым знаходжаннем людзей – у сельсаветах, магазінах, школах.

Вольга ДАНЭЙКА,
інспектар сектара прапаганды Бярэзінскага РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *