Святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня ведаў прайшлі на Бярэзіншчыне

Дзень ведаў адначасова сумнае і радаснае свята: ён абвяшчае не толькі канец лета і завяршэнне канікулаў, але і пачатак восені і навучальнага года. А гэту важную падзею ніколі не пераблытаеш, бо з самай раніцы дзятва ў святочных касцюмах з вялікімі букетамі, трымаючы за рукі бацькоў, шпарка бяжыць на сустрэчу са школай, сябрамі, настаўнікамі. Спяшаюцца ў школу і прадстаўнікі мясцовай улады. Вось і старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Бабічаў, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алеся Аляксееўна Цітова наведалі СШ №2, каб не толькі выказаць шчырыя словы падзякі педагогам установы і зрабіць наказ вучням, але і ўручыць шыкоўны падарунак – камп’ютарны клас!

У сярэдняй школы №2 шмат слаўных старонак Яна сёння самая шматколькасная ў раёне ўстанова, у якой навучаюцца і выхоўваюцца 542 вучні,у тым ліку 62 першакласнікі. Вучні і выпускнікі — асаблівы гонар школы, бо сярод іх — пераможцы творчых конкурсаў, прадметных алімпіяд, уладальнікі самых высокіх балаў па цэнтралізаваным тэсціраванні і студэнцкіх білетаў прэстыжных ВНУ. У сваю чаргу, навучэнцы ўстановы не забываюцца, што сваімі поспехамі абавязаны педагогам, бясконца ўлюбёным у справу і вучняў, якія пастаянна знаходзяцца ў пошуку новых форм і метадаў навучання і выхавання. Шэраг з іх урачыста атрымалі з рук начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама А.А. Цітовай узнагароды за высокі прафесіяналізм і сумленную працу.

Выдатныя веды, добрая выхаваўчая работа, неабыякавасць педагогаў ствараюць надзвычай камфортную атмасферу для вучняў і бацькоў, надаюць школе сямейны характар. Ён асабліва адчуваўся на школьнай лінейцы, дзе выпускнікі пад гучныя авацыі ўрачыста віталі ў сваёй дружнай школьнай сям’і першакласнікаў. Ды і надоўга запомніцца ўсім галоўны момант мерапрыемства — першы звонак.

Не толькі сямейны характар вызначае СШ №2, яна лічыцца самым прыгожым будынкам у горадзе. Ён і прылягаючая тэрыторыя амаль круглы год цешаць вока гараджан дагледжанасцю, парадкам і ўтульнасцю. Тут усё патанае ў рознакаляровых кветках, а школьны ганак і альтанка даўно сталі ўпадабанымі месцамі адпачынку для дзяцей і дарослых. Традыцыя лічыць установу другім домам не знікне тут і ў бліжэйшыя гады. Летась на выдаткаваныя з раённага бюджэту сродкі былі набыты крэслы для актавай залы, а цяпер з’явіцца і сучасны камп’ютарны клас. Ён дапаможа педагогам у асваенні новых ІТ-тэхналогій і раскрыцці здольнасцей дзяцей.

Звініць школьны званок, у руках любімай настаўніцы – яркія кветкі, школьнікі спяшаюцца на першы ўрок… Наперад, у краіну ведаў!

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *