Правілы паводзін каля вады нагадваюць бярэзінскія выратавальнікі

У правядзенні Адзінага дня бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь разам з іншымі зацікаўленымі службамі прымалі ўдзел і прадстаўнікі раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах. Галоўная мэта – прафілактыка няшчасных здарэнняў каля вады. Актыўна далучыліся да гэтай справы таксама кіраўнікі ўстаноў адукацыі раёна, многія старшыні пярвічных арганізацый АСВОД, прадстаўнікі юрыдычных асоб таварыства і фізічныя асобы. Дзякуючы агульным намаганням, раённая арганізацыя АСВОД па выніках работы за першае паўгоддзе заняла трэцяе месца ў вобласці і адзначана Ганаровай граматай.
Тым не менш, сёлета ў раёне пры купанні адзін чалавек загінуў, адзін атрымаў цяжкую траўму, яшчэ аднаго небараку своечасова ўдалося выратаваць. За грубыя парушэнні правіл паводзін каля вады за восем месяцаў папярэджана 13 чалавек, больш паловы з якіх – непаўналетнія. За гэты час дэманціраваны 4 самаробныя канструкцыі для скачкоў у ваду. Нярэдка мы бачым людзей, якія купаюцца ў забароненых месцах, бавяць свой вольны час на рэчцы ў нецвярозым стане. Супрацоўнікі Барысаўскай міжрэгіянальнай дзяржаўнай інспекцыі маламерных суднаў склалі 17 пратаколаў за парушэнні правілаў эксплуатацыі плаўсродкаў.
Як бачым, занепакоенасць праблемай знаходжання грамадзян каля вады не выпадковая. Таму ўдзел нашай раённай арганізацыі ў Адзіным рэспубліканскім дні бяспекі стаў яшчэ адной магчымасцю засяродзіць увагу жыхароў Бярэзіншчыны на няўхільным выкананні правіл паводзін каля вады.

Юрый ПАЛЯНСКІ,
старшыня раённай арганізацыі выратавання на водах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *