Што прымусіла бярэзінскіх медыкаў пакінуць рабочыя месцы?

У рамках Адзінага дня бяспекі, які праходзіў у нашым раёне з 1 па 10 верасня, супрацоўнікі РАНС правялі вучэбную эвакуацыю работнікаў стаматалагічнага аддзялення.

Легенда такая: задымленне ў адным з кабінетаў стаматалагічнага аддзялення. Выклікаюць выратавальнікаў, паведамляюць адміністрацыі ЦРБ, хуценька, па чарзе, без панікі медыкі і пацыенты пакідаюць аддзяленне, адыходзяць на бяспечную адлегласць… Праз некалькі хвілін прыязджаюць пажарныя машыны – пачынаецца “тушэнне”. Аказваецца, што адзін з пацыентаў не пакінуў памяшканне: страціў прытомнасць. Выратавальнікі знайшлі яго і вынеслі на свежае паветра.


Пасля вучэбнай эвакуацыі намеснік начальніка па аператыўна-тактычнай рабоце РАНС Дзмітрый Мікалаевіч Анцыпаў нагадаў медыкам пра тое, як дзейнічаць пры пажары, надзвычайных здарэннях, як карыстацца вогнетушыцелем.


— Часта праводзім сумесныя акцыі з супрацоўнікамі РАНС, — зазначыла галоўны ўрач ЦРБ Крысціна Аляксандраўна Крук. — Парадавала, што вучэбная эвакуацыя яшчэ раз прадэманстравала гатоўнасць калектыву да розных надзвычайных здарэнняў. І нашы супрацоўнікі, і выратавальнікі спрацавалі аператыўна і зладжана.

Юлія БУКЕЛЬ. 

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *