Як бярэзінцам знайсці працу, што прыносіць задавальненне і стабільны заробак? Адказ тут

Вакансіі ёсць, а неабходных спецыялістаў — не хапае, альбо Чаму б беспрацоўным не набыць бясплатна новую прафесію?!

Працоўны панядзелак… Упэўнена, многія рады, што ў іх ён ёсць — любімая праца, якая прыносіць задавальненне і стабільны заробак.
Пагадзіцеся, працаўладкаванне – у ліку самых актуальных тэм. Якая сёння сітуацыя на раённым “рынку” працы? Аб гэтым мы пагутарылі з загадчыкам сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Бярэзінскага райвыканкама С.У. САЙКОЎСКАЙ.

— Святлана Уладзіміраўна, раскажыце, калі ласка, работнікі якіх спецыяль-насцей сёння запатрабаваны ў раёне?
— Па стане на 1 верасня ёсць 193 вакансіі. А беспрацоўных — 18. Пагадзіцеся, вакансій нямала. Але ў нас назіраецца, можна сказаць, дысбаланс попыту і прапановы. Сёння патрабуюцца людзі са спецыяльнай адукацыяй у той альбо іншай галіне. Напрыклад, шмат працоўных месцаў ёсць у ЖКГ (галоўны інжынер, машыніст экскаватара, трактарысты). Але ж, вядома, туды мы не можам накіраваць чалавека без адукацыі, а толькі, да прыкладу, са школьным атэстатам.
За 8 месяцаў бягучага года да нас з просьбай у садзейнічанні занятасці звярнулася 433 чалавекі, з іх 70 — прызнаны беспрацоўнымі. Працаўладкавалі 299 чалавек, 34 — беспрацоўных.
— Што вы прапануеце беспрацоўным, калі, да прыкладу, у іх няма ніякай спецыяльнасці, альбо яна незапатрабавана?
— Мы цесна супрацоўнічаем з ДУДАД “Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бярэзінскага раёна”, куды і выдаём накіравані на вучобу, перападрыхтоўку беспрацоўных. Таксама накіроўваем беспрацоўных на курсы цырульніка, майстра па манікюры, повара, бухгалтара…у Мінск. Дарэчы, зараз набіраем групу для арганізацыі вубочы па спецыяльнасці трактарыст-машыніст. Гэтая вакансія вельмі запатрабаваная ў раёне — без працы не застанецеся. Хочацца, каб выпускнікі школ, якія па розных прычынах нікуды не паступілі, звярталіся да нас: накіруем на вучобу для атрымання запатрабаванай спецыяльнасці. Навучанне бясплатнае, выплачваем нават стыпендыю. А калі адпраўляем на вучобу ў Мінск, то прадастаўляем і месца ў інтэрнаце.
— Уявім такую сітуацыю. Беспрацоўны не можа ніяк знайсці працу ў сваім раёне. Ці можаце дапамагчы ў такім выпадку?
— Дзейнічае праграма перасялення беспрацоўных на новае месца жыхарства. Пры гэтым аказваем фінансавую падтрымку (калі з вёскі ў вёску – 7 бюджэтаў пра-жытачнага мінімуму, з горада ў вёску — 9) пры перасяленні беспрацоўных і членаў іх сем’яў у іншую мясцовасць на новае месца працы ў межах краіны. Галоўная ўмова – прадастаўленне жылля наймальнікам і праца на новым месцы не менш як год. Дарэчы, пры перасяленні на новае месца жыхарства беспрацоўнага, у складзе сям’і якога некалькі беспрацоўных, сродкі выплачваюцца кожнаму з іх пры ўмове заключэння з імі працоўнага дагавора. А гэта, пагадзіцеся, даволі значная сума! Да прыкладу, у маі гэтага года да нас звярнуўся мужчына, шматдзетны тата. Ён звольніўся, не змог знайсці працу. Мы прапанавалі яму пераехаць у іншы раён, дзе знайшлі працу і жыллё. Мужчына параіўся з жонкай, якая знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, і яны пераехалі. Мы выплацілі яму матэрыяльную дапамогу – 1568,14 рубля.
— Ведаю, што адзін з накірункаў дзейнасці сектара — арганізацыя аплачваемых грамадскіх работ. У іх могуць удзельнічаць толькі беспрацоўныя?
— Усе жадаючыя. У асноўным гэта сельскагаспадарчыя работы: у гэтым годзе мы накіравалі на іх 107 чалавек. Яны перабіралі бульбу і збіралі каменне ў ААТ “Пагосцкі”. Ездзілі нават у Смалявіцкі раён. Заробак на такіх работах дастойны – да 70 рублёў у дзень. У хуткім часе плануем людзей накіраваць зноў у ААТ “Пагосцкі” перабіраць бульбу. Дарэчы, замест грашовай аплаты можна будзе ўзяць сабе клубняў і, такім чынам, назапасіць сельгаспрадукцыю на зіму.
— Як яшчэ сектар занятасці дапамагае людзям працаўладкавацца, падпрацаваць?
— Ведаеце, мы прапануем нават школьнікам падпрацаваць падчас канікул – гэта так званая другасная занятасць. Сёлета 90 хлопчыкаў і дзяўчынак ад 14 да 16 гадоў працавалі ў гарадскіх школах, цэнтры творчасці, сельскіх бібліятэках. Дапамагалі з рамонтам школ, добраўпарадкаваннем тэрыторый, рамонтам кніжнага фонду — змаглі зарабіць каля 60 рублёў. Шчыра кажучы, дзеці былі задаволены такой прыемнай падпрацоўкай.
Як бачыце, мы імкнёмся дапамагчы кожнаму, накіроўваем на вучобу, перападрыхтоўку. Адна ўмова — жаданне саміх людзей працаваць!
— Дзякуй за гутарку!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *