Як бярэзінцы рыхтуюцца да ацяпляльнага сезона?

Планава і без аўралаў. Менавіта ў такім рэжыме рыхтуецца да чарговага зімовага ацяпляльнага сезона калектыў РКУВП “Бярэзінская ЖКГ”.
Рамонтныя або рамонтна-будаўнічыя работы, якія вядуцца ў нашым горадзе то ў адным з яго мікрараёнаў, то ў другім, нярэдка выклікаюць у жыхароў незадаволенасць, бо прыводзяць да некаторых нязручнасцей і парушаюць мерны рытм жыцця.
Але ж гэта робіцца для камфорту, бо праводзіцца мадэрнізацыя тых ці іншых інжынерных канструкцый і сетак, якія з цягам часу старэюць і выходзяць са строю.

Вось і зараз вядуцца земляныя работы на цэнтральнай плошчы г. Беразіно. На названым участку адбываецца замена труб цеплавых сетак на папярэдне ізаляваныя трубы. Часова ўтвораныя нязручнасці (а работы на гэтым участку будуць завершаны да канца верасня) у многа разоў акупяць сябе ў зімовы час адсутнасцю аварыйных парываў і нармальным станам цеплазабеспячэння не толькі прылягаючых дамоў і будынкаў, а і ў цэлым усяго мікрараёна. Не забудзем дадаць сюды і той факт, што дзякуючы планамернай замене значна скарачаюцца страты цяпла пры яго дастаўцы спажыўцам.
Дарэчы, названы аб’ект — апошні ў каляндарным плане мерапрыемстваў камунальнікаў па падрыхтоўцы да зімовага ацяпляльнага сезона на 2019-2020 год, зацверджаным рашэннем раённага выканаўчага камітэта. Акрамя названага ўчастка замена цеплавых сетак працягласцю 3,5 кіламетра была наладжана ў аграгарадках Дзмітравічы і Багушэвічы. Для выпрацоўкі патрэбнай энергіі ўсе 19 кацельняў, што знаходзяцца на балансе Бярэзінскай ЖКГ, пад патрэбу ўжо забяспечаны таннымі мясцовымі відамі паліва – шчэпкамі і дровамі. Як і ў папярэднія гады, цэнтральная кацельня будзе ў час сезона знаходзіцца ў рэзерве. Ды і самі цеплакрыніцы хоць сёння могуць прыступіць да ацяплення аб’ектаў, што пацвярджаюць адпаведныя пашпарты гатоўнасці.
Запэўнілі нас камунальнікі і ў тым, што ў зімовы час не павінна ўзнікнуць праблем з водаправоднай сеткай і водаправодамі, а таксама з каналізацыйнымі сеткамі, бо прафілактычнае іх абслугоўванне, а таксама прамыўка праведзены ў поўным аб’ёме.
Да будучых маразоў падрыхтаваны 183 ведамасныя жылыя дамы. Многія з іх сталі больш прывабнымі і ўтульнымі: рашэннем Мінскага аблвыканкама было даведзена заданне па ўводзе ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылых дамоў пасля капітальнага рамонту Бярэзінскай ЖКГ у аб’ёме 3,38 тысячы квадратных метраў. Спецыялістамі жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка ў поўным аб’ёме выкананы работы па бягучым рамонце даху, цеплавых пунктаў, прафрамонце інжынерных сістэм ацяплення дамоў.
У цэлым жа планамерная работа дазволіць Бярэзінскай ЖКГ не дапускаць сур’ёзных аварый пры цеплазабеспячэнні спажыўцоў, гэта значыць, нас з вамі.
Ужо сёння камунальнікі вядуць работы па прафілактычным рамонце снегаўборачнай тэхнікі і абсталявання, ствараецца неабходны запас пясочна-солевай сумесі і супрацьгалалёдных рэагентаў.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *