Мы ўжо ведаем прозвішчы пераможцаў і лідараў жніва Бярэзіншчыны. Даведайцеся і вы

Хоць жніво і стала, здавалася б, прывычнай справай для селяніна, кожны раз яно ўспрымаецца як штосьці чароўнае і ўрачыстае, прымушае працаваць з поўнай аддачай, не складаючы рук і “выкласціся” за час уборачнай кампаніі на ўсе сто, каб не страціць ніводнага зярнятка і з гонарам азірнуцца на зробленае, каб адчуць сваё дачыненне да сапраўды агульнанароднай вялікай справы. Лепшыя з лепшых традыцыйна на свяце дажынак атрымаюць заслужаныя ўзнагароды. Разам з тым, гэтае свята – даніна павагі ўсім удзельнікам жніва, якія прыўнеслі сваю часцінку ў важкі раённы каравай.

В.У. Дзюк, А.В. Отчык, А.М. Буры, А.У. Гамеза.

Раённы выканаўчы камітэт падвёў вынікі ўборачнай кампаніі і ў адпаведнасці з зацверджанымі ўмовамі вызначыў пераможцаў і лідараў жніва. Сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў пераможцам стала адкрытае акцыянернае таварыства “Месціна” (дырэктар Аляксандр Іванавіч Асмалоўскі). У ліку мацнейшых таксама філіял СП “Арэшкавічы” (дырэктар Сяргей Іванавіч Счасны) і УП “АграМАЗ” (дырэктар Валерый Мікалаевіч Цэдрык).
У індывідуальным заліку пераможцы вызначаны па сямі намінацыях. У ганаровы спіс трапілі ўсе тыя, хто ўнёс найбольш важкі ўклад ва ўсеагульную справу і мае на сваім рахунку самыя высокія паказчыкі. Пра многіх з іх наша газета ўжо расказвала падчас правядзення кампаніі, фотаздымкі некаторых з іх размешчаны на іншых старонках сённяшняга нумара, прысвечаных асобным вытворчым калектывам.
Пачнём мы з пераліку асноўных дзеючых асоб жніва – членаў камбайнавых экіпажаў.


Навышэйшага намалоту дасягнулі прадстаўнікі ААТ “Пагосцкі” Юрый Канстанцінавіч Гоман і Міхаіл Мікалаевіч Салавей. З самага пачатку кампаніі яны стабільна ўзначальвалі спіс лідараў уборкі, былі першымі ў ліку тых, хто асіліў запаветны рубеж у тысячу тон намалоту. Да таго ж, М.М. Салавей паспеў вызначыцца і на адвозцы зерня, дзе таксама аказаўся тысячнікам. Па сілах аказаўся такі паказчык і яшчэ аднаму экіпажу гэтай жа гаспадаркі ў складзе Андрэя Васільевіча Жукоўскага і Васіля Андрэевіча Жукоўскага. Названы сямейны экіпаж і раней неаднойчы выходзіў у лік мацнейшых у раёне, таму сёлетняе трэцяе месца для іх – заканамерны вынік стараннай працы.

Г.І. Уласавец.

На другой прыступцы ганаровага п’едэстала лідараў – прадстаўнікі сельскагаспадарчага філіяла “Здравушка-агра” Аляксандр Мікалаевіч Пянкрат і Сяргей Леанідавіч Федарынчык. Іх імёны, як лепшых камбайнераў, ужо называліся на старонках нашай газеты.
Тады яны толькі набліжаліся да тысячнага рубяжу. А вось па выніках кампаніі іх намалот склаў больш за 1200 тон.

Р.Л. Жаўняровіч (злева).

Работнікі ААТ “Пагосцкі” ўтрымалі лідарства і ў такой пазіцыі, як вадзіцелі на адвозцы збожжа. Непераўзыдзеным на сёлетнім жніве аказаўся поспех вадзіцеля МАЗа Міхаіла Валер’евіча Маркоўскага: 1995,2 тоны. Менш чым паўкрока не хапіла стараннаму працаўніку да перамогі над яшчэ адной тысячай тон перавезенай збажыны. Не намнога адстаў ад свайго сябра па гаспадарцы і Аляксандр Васільевіч Жукоўскі. Але яго паказчык аказаўся толькі трэцім. А вось другое месца дасталося Мікалаю Аляксандравічу Собалю з ААТ “Брадзец”.

Усіх названых працаўнікоў вызначаюць не толькі высокія паказчыкі ў рабоце, але і старанныя да яе адносіны, вялікі практычны стаж работы. А як жа праявілі сябе ў гарачы час жніва прадстаўнікі падрастаючага пакален ня – тыя, каму няма і трыццаці, і хто прыйдзе на змену сённяшнім пераможцам? Для таго, каб на справе падтрымаць новае па-паўненне работнікаў сельскай гаспадаркі, раённы выканаўчы камітэт кожны год падводзіць вынікі маладзёжнага спаборніцтва і называе лепшых у намінацыях “Старшыя камбайнеры і камбайнеры маладзёжных экіпажаў” і “Маладыя вадзіцелі на адвозцы зерня”.

В.І. Лепяшко.

Як сведчаць лічбы, юныя работнікі заяўляюць аб сабе даволі ўпэўнена і як роўныя змагаюцца за высокія паказчыкі з ветэранамі вытворчасці. Так, маладзёжны экіпаж з ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” у складзе Васіля Васільевіча Палянскага і Уладзіслава Іванавіча Зімагорава намалаціў больш за тысячу тон і ўпэўнена ўзначаліў спіс маладых перадавікоў. Другі вынік у названай намінацыі таксама ў прадстаўніка ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” Віталя Іванавіча Лепяшко. Нягледзячы на тое, што працаваў ён адзін і не змог паўдзельнічаць на жніве “ад званка да званка”, яго стараннасці і спрыту хапіла, каб з гонарам насіць званне лідара.

З.Н. Гаджыеў.

На трэцім месцы маладзёжнага спаборніцтва — экіпаж з ААТ “Першамайскі” ў складзе Ігара Вітальевіча Абмёткі і Вадзіма Леанідавіча Ермалінскага. Яшчэ да пачатку жніва ў гутарцы гэтыя камбайнеры выказвалі сваю рашучасць аказацца па выніках кампаніі ў лідарах і дасягнуць высокіх паказчыкаў. Як бачым, слова сваё яны стрымалі і не падвялі родную гаспадарку, нягледзячы на тое, што ў складзе экіпажа працавалі юнакі ўпершыню і часу на раскачку не мелі.

М.А. Собаль.

Да разраду тысячнікаў адносяцца ўсе тры маладыя вадзіцелі, занятыя на адвозцы збожжа ад камбайнаў, — пераможцы раённага спаборніцтва. Працуе кожны з іх у розных кутках Бярэзіншчыны. У іх ліку вадзіцель ААТ “Бярэзінскі” Захар Нізамавіч Гаджыеў, вадзіцель філіяла СП “Арэшкавічы” Андрэй Анатольевіч Шынкевіч і вадзіцель УП “АграМАЗ” Яўген Аляксандравіч Кудзін. Як бачым, не важна, у якім сельгаспрадпрыемстве працуеш ты. Намнога важней — чаго ты варты і наколькі адбыўся як працаўнік. І менавіта жніво з’яўляецца такім важным і адказным экзаменам. Здаецца, што новае пакаленне работнікаў галіны вытрымала яго з гонарам.

А.В. Жукоўскі.

Сярод усіх службаў і падраздзяленняў, якія займаюцца ўборкай хлеба, значнае месца належыць прадстаўнікам зернесушыльнай гаспадаркі, бо вельмі важна своечасова і якасна дапрацаваць вырашчаны ўраджай і захаваць яго без страт. Тут таксама вызначаны лепшыя спецыялісты. У мінулыя гады не раз у ліку гэтай кагорты людзей называлася прозвішча аператара зернесушыльнага комплексу ААТ “Першамайскі” Рыгора Леанідавіча Жаўняровіча. Ён своеасаблівы “аксакал” у рабоце на зернесушыльным агрэгаце, уведзеным у гаспадарцы яшчэ ў 2006 годзе з яго ж удзелам. З таго часу ніводнае жніво не абыходзіцца без гэтага адмысловага майстра. Але сёлета Р.Л. Жаўняровіч аказаўся толькі другім. А вось першае месца па выніках кампаніі заняў калектыў аператараў зернесушыльнага комплексу з ААТ “Бярэзінскі” ў складзе Валерыя Уладзіміравіча Дзюка, Аляксандра Уладзіміравіча Гамезы, Аляксандра Мікалаевіча Бурага і Анатоля Васільевіча Отчыка. Трэці вынік належыць аператарам зернесушыльнага комплексу з ААТ “Брадзец” Аляксею Мікалаевічу Юнцу і Уладзіславу Станіслававічу Казюку.

А.В. Жукоўскі і В.А. Жукоўскі.

Часам пры пераліку галоўных дзеючых асоб жніва мы выпускаем з-пад увагі самых галоўных арганізатараў гэтай адказнай кампаніі, без здольнасцей і ведання справы якіх вынікі работы аказаліся б значна ніжэйшымі і не такімі плённымі. Хто ж яны — тыя, хто застаецца ў цяні, але без намаганняў якіх не абысціся? Безумоўна, гэта галоўныя спецыялісты гаспадарак. Таму на сёлетніх дажынках ганаровыя дыпломы атрымаюць галоўныя аграномы ААТ “Месціна” Уладзімір Сцяпанавіч Булойчык і Анатоль Уладзіміравіч Шабан з ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, а таксама галоўныя інжынеры Мікалай Міхайлавіч Крук (ААТ “Брадзец”) і Генадзь Іванавіч Уласавец (ААТ “Пагосцкі”).

С.Л. Федарынчык і А.М. Пянкрат.

Сёння мы назвалі толькі прозвішчы лепшых па прафесіі ўдзельнікаў жніва. Занятых жа ў гэтай кампаніі людзей у многа разоў больш. Зразумела, не кожны з іх можа стаць лідарам. А вось пераможцамі з’яўляюцца ўсе, бо кожны на сваім працоўным месцы здабываў гэтую перамогу над прыродай, над няўмольным часам, над сабой, уносіў пасільны ўклад у дабрабыт нашай дзяржавы, у яе эканамічную бяспеку. Дзякуй вам усім за гэта ад імя ўсіх бярэзінцаў.

А.М. Юнец.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара і Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *