У каманды Бярэзінскай ЦРБ — трэцяе месца!

У Заслаўі прайшлі “II адкрытыя Гульні-спаборніцтвы сярод брыгад службы хуткай медыцынскай дапамогі Мінскай вобласці 2019”. Каманда Бярэзінскай ЦРБ у ліку пераможцаў – занялі трэцяе месца!

 

Мерапрыемства такога фармату праходзіла ўжо ў другі раз. Усяго ў спаборніцтвах прыняли ўдзел 28 каманд ад Мінскай вобласці, а таксама запрошаныя ўдзельнікі з Мінска, Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай абласцей.

Бярэзінскую ЦРБ прадстаўлялі вопытныя фельчары аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Алеся Міхайлаўна Сакава, Уладзімір Уладзіміравіч Пікулік, Вольга Яўгенаўна Вайцяховіч і вадзіцель Ілья Уладзіміравіч Мілюхін.

Для ўдзельнікаў былі змадэляваны экстранныя сітуацыі і здарэнні. Спецыяльна падрыхтаваная каманда статыстаў разыграла выпадкі, максімальна набліжаныя да рэальных.

— Мы пераадолелі больш за дзясятак выпрабаванняў: аказанне першай дапамогі пацярпелым пры ДТЗ, надзвычайных сітуацыях, атручваннях. Але не толькі аказвалі “пацярпелым” першую медыцынскую дапамогу, але і псіхалагічную — іх родным.

 “Навінка” гэтых спаборніцтваў – выпрабаванні для вадзіцеляў.

— Нам неабходна было здаць “экзамен” па Правілах дарожнага руху, — зазначае І.У. Мілюхін. — Тэарэтычную частку (тэсты на камп’ютарах) і практычную (ваджэнне машыне хуткай дапамогі). Было складана, але з усім дастойна справіўся.

Галоўная мэта такіх гульняў – павысіць прафесійны ўзровень медыцынскіх работнікаў службы хуткай медыцынскай дапамогі, удасканаліць якасці аказання экстраннай медыцынскай дапамогі насельніцтву.

— Наша каманда хутка, якасна, зладжана справілася з заданнямі – “пацярпелым” аказалі кваліфікаваную дапамогу, — зазначыла галоўны ўрач Бярэзінскай ЦРБ Крысціна Аляксандраўна Крук. – Адным словам – малайцы!

Юлія БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *