На раённае свята «Дажынкі» бярэзінцаў запрашаюць Дзмітравічы

У гэтую суботу вёска Дзмітравічы стане цэнтрам культурнага жыцця Бярэзіншчыны: тут адбудуцца раённыя дажынкі. Гэтая падзея дапаўняецца яшчэ адным цікавым фактам: сёлета населенаму пункту спаўняецца 465 гадоў з часу яго першага пісьмовага ўпамінання.

В.К. Наскавец.

Працаўнікі аддзялення “Дзмітравічы” ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” уносяць значную лепту ў поспехі і дасягненні калектыву. На сённяшні дзень тут працуе 33 чалавекі пад кіраўніцтвам Ірыны Леанідаўны Штукар. На гэтай пасадзе жанчына восьмы год. Яна вельмі перажывае за справу і ганарыцца поспехамі сваіх падначаленых, з гонарам расказвае пра іх. У ліку тых, хто сёлета быў заняты на жніве, яна называе прозвішчы братоў Наскаўцоў – Валерыя Канстанцінавіча і Аляксандра Канстанцінавіча, якія вось ужо каторы год у складзе сямейнага камбайнавага экіпажа дасягаюць высокіх намалотаў. Не сядзяць яны без спраў і пасля завяршэння ўборкі. Так, асноўны занятак Аляксандра Канстанцінавіча – вартавая служба, а Валерый Канстанцінавіч на сваім пагрузчыку гэтымі днямі займаецца звозкай з палёў саломы. Да гонару дзмітравіцкіх працаўнікоў дададзім, што па выніках жніва ў аддзяленні атрымалі сярэднюю ўраджайнасць 23 цэнтнеры з гектара ў той час, як у цэлым па райаграсэрвісе яна дасягала 18 цэнтнераў.

І.Л. Штукар.

Аляксандр Мікалаевіч Шыфрын у ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” працуе першы год у якасці кіраўніка. Але гаспадарку гэтую ведае з ранейшых часоў, калі ўзначальваў упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Чалавек вопытны і мае высокія арганізатарскія здольнасці, якія набыў за час былой дзейнасці. Пад яго кіраўніцтвам працаўнікі райаграсэрвісу не толькі ў аптымальная тэрміны завяршылі ўборку, але яшчэ паспелі дапамагчы са жнівом і суседзям з Крупскага раёна, накіраваўшы туды сваіх камбайнераў. У жніве-2019 было задзейнічана 11 камбайнаў. У параўнанні з мінулым годам у гаспадарцы вырашчана на 500 тон больш зерневых культур. А па ўраджайнасці рапсу райаграсэрвіс быў трэцім у раёне сярод іншых гаспадарак. Сённяшні клопат А.М. Шыфрына – завяршэнне ўборкі кукурузы і сяўба ў аптымальныя тэрміны азімых культур: яны павінны заняць каля 2 тысяч гектараў. Сяўба азімага рапсу і свірэпіцы тут ужо завершана. Далейшыя намаганні кіраўніка накіраваны на эканамічную стабілізацыю дзейнасці гаспадаркі.

У.І. Зімагораў і В.В. Палянскі.

Пра такіх, як Анатоль Уладзіміравіч Шабан, звычайна гавораць адным словам: працавік. Ён, як галоўны аграном ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, з’яўляецца і дырыжорам, і рэжысёрам усіх падзей, якія адбываюцца на палетках гаспадаркі. А дробязей у гэтай справе няма, кожная, нават невялічкая памылка, уплывае на будучы ўраджай і яго важкасць. Таму галоўны спецыяліст заўсёды ў справах і ніколі не лічыцца са сваім вольным часам пры іх ажыццяўленні. Вялікія плошчы палеткаў гаспадаркі (а гэта тры былыя асобныя саўгасы “Сцяг Кастрычніка”, “Дзмітравічы” і “Высакагорскі”), іх раскіданасць па раёне прымушаюць пастаянна знаходзіцца ў руху, шукаць найбольш спрыяльныя варыянты пасеву тых ці іншых культур, сачыць за якасцю ворыва, хімапрацовак, унясення ўгнаенняў, за выхадам раслін з зімоўкі і іх каласаваннем. Усюды паспявае А.У. Шабан і сваімі неабыякавымі адносінамі да справы атрымаў заслужаны аўтарытэт у калектыве і сярод калег. Вось і ў час свята дажынак Анатоль Уладзіміравіч за сваю працу будзе адзначаны як адзін з лепшых галоўных аграномаў Бярэзіншчыны.

Д.У. Драгун і А.М. Жукоўскі.

Гадаваць дастойную змену – значыць, мець надзейны працяг сваёй справы. Добра разумеюць гэты пастулат у ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” і рабоце з моладдзю тут надаюць важнае значэнне. А што ж новае папаўненне? Па выніках сёлетняга жніва заявіла аб сабе ў поўны голас: першае і другое месцы ў раённым спаборніцтве сярод маладзёжных экіпажаў займаюць менавіта прадстаўнікі райаграсэрвісу.
Прычым, Васіль Васільевіч Палянскі і Уладзіслаў Іванавіч Зімагораў сталі не толькі лепшымі, а і ўвайшлі ў састаў экіпажаў-тысячнікаў. Усяго першы год працавалі юнакі ў такім тандэме. Праўда, для В.В. Палянскага сёлетняе жніво было ўжо пятым — і таму набыты вопыт значна дапамог у дасягненні высокіх паказчыкаў. А вось у У.І. Зімагорава гэта быў першы экзамен на годнасць земляроба. Адпрацаваўшы сезон за штурвалам камбайна, сёння ён шчыруе ў ПМС, але калі налета яго зноў запросяць дапамагчы гаспадарцы, з радасцю прыйдзе сюды ўжо ў якасці не памочніка камбайнера, а кіраўніка экіпажа і мае намер паказаць не горшы вынік.

Крыху не дацягнуў да запаветнага тысячнага рубяжа іх калега Віталь Іванавіч Лепяшко, на што былі важныя прычыны. Аднак дасягнуты вынік таксама дазволіў яму ўвайсці ў лік лепшых маладых камбайнераў. Садзейнічалі таму высокая дзённая выпрацоўка і механізатарскае майстэрства, якія дазвалялі яму аднаму, без напарніка, выдатна спраўляцца з уборкай. Сёння ў В.І. Лепяшко – не менш адказная місія: ён робіць задзел будучага ўраджаю – займаецца сяўбой азімай пшаніцы. А такія адказныя справы, як вядома, давяраюць толькі вопытным майстрам.

Сёння ў ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” завяршаецца стварэнне задзелу для ўраджаю 2020-га года.
Як бачым, у гэтым калектыве ёсць і высокакваліфікаваныя спецыялісты, і працавітыя работнікі, і ўменне весці справы. Няхай жа ўсе гэтыя фактары, памножаныя на старанне і ўдачу, прынясуць калектыву поспех і задавальненне ад выкананай справы.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара і Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *