Міжнародны турыстычны злёт сабраў аматараў спорту на Бярэзіншчыне

У мінулую пятніцу восень нечакана нагадала аб сабе пахаладаннем, але гэта акалічнасць ніяк не сапсавала настрой маладых аматараў і ветэранаў турызму сабрацца і прадэманстраваць сваю выдатную форму ў ходзе міжнароднага турыстычнага злёту, прысвечанага 70-годдзю спартыўнага турызму. Пасавала іх рашучаму намеру пазмагацца і выбраць мацнейшага і месца спаборніцтва – турыстычны цэнтр “Юнацтва” ў маляўнічых лясных мясцінах на беразе ракі Бярэзіны, што ў вёсцы Жорнаўка.

Узнагароджванне каманд.

Заяўкі на ўдзел у спа-борніцтвах падалі 13 каманд, у ліку якіх не толькі беларускія аматары турызму з Мінска, Віцебскай, Магілёўскай, Гродзенскай, Мінскай абласцей, ААТ “МЗКТ”, УА “БДАТУ”, але і з Цвярской вобласці, Санкт-Пецярбурга Расійскай Федэрацыі і з Рэспублікі Малдова.
Спецыяльна для заўзятых аматараў турызму з 13 па 15 верасня была прадумана асаблівая праграма спаборніцтваў па тэхніцы веласіпеднага, воднага і пешаходнага турызму і інш. Ды якое спартыўнае мерапрыемства без турыстычнай эстафеты і конкурсаў турыстычных фотаздымкаў, фільмаў і аўтарскай песні пад гітару. Але найбольшую цікавасць удзельнікаў выклікалі спаборніцтвы па спелеатурызме, якія былі наладжаны ўпершыню на жорнаўскай зямлі.

Узнагароджванне лепшых па выніках конкурсаў.

Пераможцы вызначаліся ў кожным відзе спартыўнай праграмы. Так, у спелеазаданнях лепшымі былі каманды з Цвярской вобласці, Мінска і ААТ “МЗКТ”, а ў эстафеце абагналі ўсіх прадстаўнікі Мінскай, Віцебскай абласцей і сталіцы. А хто ж стаў пераможцам міжнароднага злёту турыстаў?
Тут усіх абышла каманда горада Мінска, другое месца занялі аматары актыўнага адпачынку з Віцебскай вобласці і замкнула тройку прызёраў каманда магілёўскага рэгіёна.

Фотаздымак на памяць.

Усе пераможцы атрымалі ганаровыя кубкі, дыпломы і медалі.
У гэты ж час на базе турыстычнага цэнтра “Юнацтва” прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы па турысцка–прыкладным шматбор’і і тэхніцы веласіпеднага турызму. Мерапрыемства сабрала 6 каманд з Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай абласцей, турыстычнага цэнтра “Вяршыня”, горада Жодзіна і дзве — з Бярэзінскага раёна.

Лепшыя ў спелеатурызме.

Тут у трыале і фігурным ваджэнні веласіпеда не знайшлося роўных камандзе магіляўчан, а ў каманднай дыстанцыі — віцяблянам. У выніку пачэсныя ўзнагароды мерапрыемства адправіліся адпаведна ў Віцебскую, Магілёўскую і Мінскую вобласці.
Застаецца дадаць, што турыстычныя спаборніцтвы сабралі каля 300 аматараў спартыўнага турызму і былі наладжаны па ініцыятыве Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і ГА “Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз”. За падрыхтоўку спаборніцтваў міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўняў дыпломамі саюза былі адзначаны начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Бярэзінскага райвыканкама Алеся Аляксееўна Цітова і дырэктар турыстычнага цэнтра “Юнацтва” Дзмітрый Мікалаевіч Ванкевіч.

Навіны сабрала Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *