На Бярэзіншчыне адкрылі сезон восеньскіх кірмашоў

Субота. Восем гадзін раніцы. Хуценька збіраемся — і на гарадскі стадыён. Там праходзіць першы ў гэтым годзе восеньскі кірмаш. Загадзя склалі спіс неабходных прадуктаў: бульба, капуста, памідоры, перац… Трэба ж назапасіць агародніну на зіму!

Мы толькі падыходзім да стадыёна, а некаторыя ўжо ідуць з кірмашу з набыткамі. Значыць, кірмаш “багаты” на розную прадукцыю.
— Мы набылі капусту і сала, — расказваюць адны з першых пакупнікоў Аляксандр Антонавіч і Тамара Мацвееўна Сойка. — Кірмашом задаволены, хапае
ўсяго: капуста, бульба, памідоры, перцы, шмат мясной прадукцыі і рыба… Цэны таксама прымальныя, здаецца, на некаторую прадукцыю нават ніжэй, чым на рынку, у магазінах.
Заходзім на кірмаш. Заўважаем, што палатак няшмат, але асартымент багаты.

Сям’я Сойка набывае дыню і памідоры.

Што запатрабавана? Найбольшая чарга каля прылаўка з прадукцыяй рыбнай гаспадаркі “Волма” суседняга Чэрвеньскага раёна. Свежы карп, таўсталобік, шчупак, сушаная рыба, вэнджаная – вочы разбягаюцца. Кошт? Здаецца, як у звычайным магазіне. А вось чарга “пужае”. Прыкідваем, што прастаяць прыйдзецца хвілін 40. А столькі часу на “восеньскі шопінг” у нас няма.
А дзе ж прадаецца бульба? Падыходзім да машыны з клубнямі. Прапануе яе індывідуальны прадпрыма льнік. Кошт – 40 капеек за кілаграм. У мяшку кілаграмаў 30, таму, прыблізна, прыйдзецца заплаціць рублёў 12.
— А дастаўка ёсць? – пытаемся ў прадаўца.
— Вядома ж! Запішыце мой нумар тэлефона. Можна заказаць бульбу — даставім у дамоўлены час.
Дарэчы, прапаноўваў набыць бульбу і Бярэзінскі філіял Мінаблспажыўтаварыства, але там дастаўка, на жаль, не прадугледжана.
Бульбу набылі. Падыходзім да палаткі, дзе сабраны, здаецца, увесь “восеньскі асартымент”. Памідоры, цыбуля — па рублі, капуста – 50 капеек.
Каля гэтай палаткі таксама чарга. Што набываюць?
— Мы завіталі на кірмаш цэлай сям’ёй. За чым? Набудзем тое, што ўпадабаецца. Вось зараз памідоры выбіраем, — расказваюць Андрэй і Настасся Сойка.
— А мы хочам дыню! – дадаюць Данііл і Уладзіслаў Сойка.
Мы таксама набываем дыню, памідоры, перцы – і рухаемся далей.
Заўважаем, што сваю прадукцыю прапануе ААТ “Бярэзінскі”. Тут і мяса, і рабрынкі, і супавыя наборы, і сэрца, і язык, і рулькі – усё з ялавічыны. Цэны? Да прыкладу, за кілаграм ялавічыны – 12 рублёў.
— Прыехалі, яшчэ і васьмі гадзін раніцы не было, — расказвае нам загадчыца сталовай ААТ “Бярэзінскі” Раіса Георгіеўна Сашко. – І, ведаеце, радуе, што на- ша прадукцыя карыстаецца попытам.

С.М. Афанасьева з дачкой выбіраюць мёд.

Выбіраюць ялавічыну Дар’я Гліністая з дачушкай Соняй і мужам Віктарам.
— Мы за здаровы лад жыцця, — тлумачаць яны, — таму і стараемся набываць дыетычныя прадукты. – Даведаліся пра кірмаш з раёнкі. Вядома ж, вырашылі прыйсці. Вось ужо набылі цыбулі 3 кілаграмы – заплацілі 3 рублі. Бульбу не будзем купляць, свая ўрадзіла.
Амаль на выхадзе з кірмашу згадваю, што хацелі ж набыць яшчэ і мёд. Яго прадае мужчына з Беразіно. Выбіраюць мядок Святлана Мікалаеўна Афанасьева з дачкой Аленай:
— Мы толькі прыйшлі. Адразу ж убачылі мёд. Чаму б не набыць? Бачна, што смачны, натуральны. Што яшчэ купіць?! Дакладнага спіса няма – усё, што ўпадабаецца. Хацелі набыць і рыбу. Але заўважылі, што чарга велізарная. Магчыма, у гэты раз і не паспеем!
***
Здаецца, мы набылі ўсё неабходнае. А калі штосьці і забыліся – прыйдзем зноў на восеньскі кірмаш. Пройдуць яны, дарэчы, у суботу, 28 верасня, а так- сама 12 і 19 кастрычніка.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *