У гэтым бярэзінскім сельгаспрадпрыемстве вераць у цуды — і яны здараюцца

Яшчэ некалькі гадоў таму любушанскія хлебаробы сціпла гаварылі пра свае намалоты зерневых культур, спасылаючыся на нізкую ўрадлівасць мясцовых угоддзяў, і вызначаліся толькі ў час корманарыхтоўчай кампаніі. У такім выпадку ім пагражала быць у цяні жывёлаводаў, якія лічацца аднымі з лепшых у раёне. Аднак здарыўся сапраўдны цуд: філіял каторы год запар змагаецца за лідарства ў раённым спаборніцтве на жніве і не стамляецца здзіўляць намалотамі.

Вось і селёта тут завяршылі жніво з паказчыкам у 26 цэнтнераў з гектара, саступіўшы лідарства па ўраджайнасці толькі АСП УП “Арэшкавічы”. Аднак гэта не мяжа рэальных магчымасцей аграрыяў філіяла, і ў будучым яны абавязкова абыдуць сапернікаў.
— У кожнага агранома ёсць сваё эксперыментальнае поле, якое служыць для выдатнай дэманстрацыі магчымасцей. Вось і я засеяў свой участак насупраць машыннага двара ў аграгарадку Любушаны ячменем і атрымаў па 40 цэнтнераў з гектара! — гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Яўгеній Святаслававіч Пілецкі. — Вядома, тут былі ідэальна падабраны папярэднікі і насенны матэрыял, пад поўную патрэбу ўкладзены тукі і зроблена хімпраполка, але, тым не менш, атрыманая ўраджайнасць начыста развее сумненні скептыкаў наконт урадлівасці зямель нашай гаспадаркі.
Не сумняваюцца ў будучых шчодрых намалотах і самі механізатары, якія заняты ў гэтыя дні на азімай сяўбе. Слаўны атрад аграрыяў мы засталі ва ўрочышчы за вёскай Рубеж. Тут усяго за тры дні падрыхтавалі і засеялі трыцікале ўчастак плошчай 33 гектары.


— Тэрміны сціслыя, бо працуем зладжана і па дакладным плане, каб выканаць увесь патрэбны цыкл, — зазначае Яўгеній Святаслававіч, – а яшчэ, каб не страціць каштоўны гумус і сэканоміць на паліве, выкарыстоўваем мінімальную апрацоўку глебы на асобных участках.
І сапраўды, засеяныя палеткі ўражваюць сваёй дагледжанасцю і культурай земляробства. Заслуга ў гэтым напрамую залежыць не толькі ад маладога крэатыўнага агранома, але і вопытных механізатараў.


— Гады нізкіх ураджаяў зрабілі сваю справу, — зазначае адзін з іх — Станіслаў Уладзіміравіч Цэдрык, — сярод трактарыстаў засталіся самыя верныя справе. Кіраўніцтва філіяла набывае новую магутную тэхніку, якая заменіць адразу некалькі агрэгатаў. Вось мы працуем на энерганасычаных трактарах Беларус-3522, у іх зручна і камфортна ў спёку. Ды і чаго замоўчваць, у поўную моц абуджаецца павага ў філіяле да прафесіі механізатара, як да карміцеля, які здольны не толькі зрабіць запас кармоў для статка, але і ўнесці свой уклад у памнажэнне дабрабыту. Адсюль бяруць пачатак нашы дастойныя заробкі.
Пра мясцовых трактарыстаў шмат можа расказаць не толькі галоўны аграном, але і дыспетчар Тамара Пятроўна Віктарэнка. Яна на гэтай пасадзе занята вось ужо трынаццаты год. Ды ў «чортавы» лічбы не верыць!


— Яны саступаюць старанню і адказнасці нашых хлебаробаў, — зазначае жанчына, — у правілах якіх у час жніва пакідаць поле з апошнімі промнямі сонца, не кідаць зламаную тэхніку на ноч, прыходзіць на працу загадзя, каб яшчэ раз праверыць і адрэгуляваць работу ўсіх механізмаў. І робіцца гэта не па прымусе кіраўніцтва, а таму, што ў звычках мясцовых аграрыяў — даражыць сваёй справай і працай.
Меркаванні дыспетчара падзяляе аграном–аграхімік Рыгор Пятровіч Аблавушка. Ён шмат гадоў адпрацаваў галоўным аграномам у некалькіх гаспадарках раёна, а апошнія гады рупіцца ў філіяле. Вопыт сталага аграрыя шырока выкарыстоўваецца: да пачатку палявых работ прадумваецца ўсё да драбніц. Нездарма ў рабочым ноўтбуку галоўнага агранома Я.С. Пілецкага чатыры варыянты правядзення ўсяго цыкла сельскагаспадарчых работ.
— Надвор’е і пэўная рызыка карэкціруюць нашы планы, — тлумачыць Я.С. Пілецкі, — ды і імкнёмся мы дарэмна растрачваць гаспадарчыя грошы. Каторы год праводзім палявыя работы без дапамогі інвестараў і маем пэўную рэнтабельнасць ад вырошчвання шматгадовых траў і масланасення рапсу. Ды і кукуруза нязменна радуе нас. Сёлета ўраджайнасць царыцы палёў лепшая ў раёне, бо дасягнула 500 цэнтнераў з гектара. Сучасная тэхніка змяльчае яе і атрымліва-ецца высакаякасны сілас. Ды і не будзе пытанняў з зернем кукурузы.


Кукурузнае поле размешчана за вёскай Васілеўшчына, дзе зараз ва ўсю ідзе мадэрнізацыя жывёлагадоўчых памяшканняў. Па словах спецыялістаў, тут плануецца даіць ад каровы па 20 літраў у суткі. І гэта рэальна, бо пад будучыя малочныя рэкі ўжо маецца багаты запас якасных кармоў і канцэнтратаў.
— У пачатку года мы былі вымушаны закупляць канцэнтраты, што негатыўна адбілася на эканамічных паказчыках філіяла, але сёлетняга ўраджаю зерневых хопіць, каб накарміць наш статак, — зазначае дырэктар філіяла Валерый Мікалаевіч Цэдрык. — Таму да будучай пасяўной кампаніі мы будзем мець яшчэ больш сродкаў для далейшага паляпшэння культуры земляробства: закупім патрэбныя тукі, элітнае насенне і абновім машынна-трактарны парк. Гэта абавязкова вернецца нам багатымі засекамі, жывёлагадоўчымі рэкордамі і дабрабытам нашых людзей, якія ўжо сёння разумеюць, што цуды здараюцца не толькі ў казках, а і ў рэальным жыцці.

Мілана ТРАПЯНОК. Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *