На Бярэзіншчыне адзначылі свята ўраджаю

…І прынесла зямля сейбіту плод вялікі …І дадзена было сейбіту семя сілай вялікаю. І зямля была гатова прыняць семя і сілу, заключаную ў ім ад сейбіта. І выйшаў сейбіт у поле, і злучыў неба і зямлю, і кінуў семя. І абудзілася зямля, каб прынесці сейбіту плод вялікі. І закаласіліся нівы, і наліўся колас, і паклікала зямля жняцоў. І прыйшлі жняцы — і пачалося жніво. І прымножылася семя на зямлі. І прынесла яна плод. І аддало пасеянае ў многа разоў кожнаму, хто папрацаваў, бо што пасееш, тое і пажнеш…

Такімі словамі вядучага пачалося сёлетняе свята дажынак, што ладзілася ў мінулую нядзелю ў в. Дзмітравічы. Свята гэтае нездарма лічыцца народным, бо адзначалася яно здаўна нашымі продкамі. Яны бачылі ў ім вялікі змест, які заключалі затым у нацыянальных арнаментах, традыцыях, абрадах. І мы з’яўляемся прадаўжальнікамі гэтых традыцый, іх захавальнікамі, годна працягваем справу сваіх продкаў-земляробаў, славім родную зямлю-матухну і ўсіх тых, хто, не шкадуючы сіл і часу, здабывае хлеб наш надзённы і прыносіць дабрабыт у кожны дом, а з ім – і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, і ў тым, што адвечная справа сейбітаў і жняцоў  доўжыцца будзе бясконца. А залогам таму – вялікі пышны каравай з сёлетняга збожжа – сімвал сонца, міру, багацця і працы.

Менавіта ён, каравай, і быў галоўнай дзеючай асобай нашага дажыначнага свята, а таксама людзі, якія здабывалі яго. Да іх, у першую чаргу, а таксама да гасцей свята, звярнуўся са шчырымі  словамі падзякі старшыня раённага выканаўчага камітэта А.М. Бабічаў.

— Па добрай традыцыі свята дажынак падводзіць вынікі ўборкі — адзначыў ён. — Гэта тая праца, якая не толькі стварае дабрабыт, але і ўмацоўвае магутнасць дзяржавы, робіць больш прыгожай нашу зямлю, прыносіць у нашы сем’і багацце. Чалавек і хлеб –  адвечныя спадарожнікі. Гэты кругаварот у прыродзе паўтараецца з году ў год, з веку ў век. Наша сённяшняе свята – пацвярджэнне каштоўнасці хлеба і найвышэйшай ацэнкі прафесіяналізму тых, хто працуе над яго атрыманнем.

Самая галоўная падзея нашага свята – гэта ўшанаванне герояў жніва, рэкардсменаў хлебнай нівы, вопытных спецыялістаў і кіраўнікоў, дзякуючы якім  вырашчаны і сабраны ўраджай. Масавая ўборка ў раёне была праведзена ў аптымальныя тэрміны, удзел у жніве прынялі 69 камбайнавых экіпажаў і 47 вадзіцеляў. Прыклад упартай працы паказалі  6 маладзёжных экіпажаў і 7 маладых вадзіцеляў. Хлебаробы Бярэзіншчыны намалацілі каля 36 тысяч тон зерня і 3 тысячы тон масла насення рапсу.

Сярод лідараў па намалоце — камбайнавыя экіпажы ААТ “Пагосцкі” і сельгасфіліяла “Здравушка-агра”. Важнейшым паказчыкам работы аграрыяў з’яўляецца ўраджайнасць. Сёлета ў трох гаспадарках раёна ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых перавысіла рубеж у 25 цэнтнераў з гектара: у філіяле “Арэшкавічы” – 33, УП “АграМАЗ” – 26, ААТ “Пагосцкі” – 25 цэнтнераў з гектара. Механізатары раёна дастойна справіліся з пастаўленымі задачамі, зладжана працавалі, адчуваючы падтрымку кіраўнікоў, адзін аднаго. Ад таго і дасягнулі яны высокіх вынікаў. Так, 7 экіпажаў намалацілі больш як па тысячы тон зерня. Неацэнны ўклад ва ўборачную і сямейных экіпажаў. У сёлетняй кампаніі іх два.

Асобныя словы падзякі тым, хто займаўся ідэалагічным забеспячэннем уборкі, гатаваў абеды для працаўнікоў жніва, выязджаў у поле з песнямі падтрымаць працаўнікоў. Нельга не адзначыць праваахоўнікаў і медыцынскіх работнікаў, супрацоўнікаў РАНС, якія дапамагалі на ўборцы. Вялікі дзякуй нашым шэфам – прадпрыемствам і арганізацыям Бярэзіншчыны, якія аказалі вяскоўцам значную падтрымку.

Жніво паказала нашы сілы і магчымасці, дало пэўныя ўрокі. Спыняцца на дасягнутым, вядома ж, мы не будзем. Паважаныя працаўнікі, дарагія хлебаробы!  Толькі ў адзінстве мы можам вырашаць амбіцыйныя задачы, не баяцца выклікаў часу. І толькі ад нас з вамі залежыць дабрабыт нашай краіны. Жадаю вам заўсёды працаваць настойліва і шчыра, радавацца плёну сваёй працы. Няхай вырашчаны хлеб радуе і ўмацоўвае сілы. Шчасця вам і вашым сем’ям, здароўя, спрыяльнага надвор’я,  удзячнай глебы, высокіх ураджаяў і дастойнага прыбытку. Няхай у вашых дамах пануюць мір і згода.

Рэпартаж са святочнага мерапрыемства чытайце ў № 72 газеты за 25 верасня.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *