Бярэзінцы за “бяспечны інтэрнэт”

Усебеларуская акцыя пад такой назвай стартавала ў нашым раёне 24 верасня. У рамках мерапрыемства спачатку для вучняў 8–9 класаў СШ №2 была наладжана творчая сустрэча і сапраўдны майстар-клас па баскетболе з зоркай, чэмпіёнам Еўропы ў складзе зборнай СССР, топ-менеджарам Аляксандрам Кулем.

Не менш дастойным і яркім працягам акцыі стаў спектакль “Колобанга. Привет, Интернет.by”. Яго з задавальненнем паглядзелі звыш 600 вучняў раёна, бо артысты ў займальнай і захапляльнай форме расказалі дзецям аб небяспецы, якую тоіць у сабе інтэрнэт, і  навучалі, як пазбегнуць небяспечных сітуацый. Дзеля гэтага былі арганізаваны гульні і додзены парады, як ігнараваць віртуальных махляроў і не падчапіць шкодны вірус у сеціве.

Лагічным завяршэннем акцыі стаў раённы бацькоўскі сход на базе гімназіі. У ім прынялі ўдзел урач-неўролаг кафедры няўралогіі і нейрахірургічных хвароб, старшы выкладчык Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Наталля Анатольеўна Волкава, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Святлана Іванаўна Бондар і інспектар па прапагандзе і прафілактыцы Бярэзінскага РАНС Вольга  Мікалаеўна Данэйка.

— Мяркую, што такая займальная і павучальная прафілактычная акцыя абавязкова будзе мець плён, — падвяла вынікі мерапрыемства намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ала Сяргееўна Петруковіч, — і дапаможа дзятве і дарослым рашуча супрацьстаяць дэструктыўным выклікам і пагрозам у інтэрнэце.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *