Бярэзінцы прынялі ўдзел у абласным свяце ўраджаю

У мінулыя выхадныя пляцоўкай для ўрачыстасцей стаў суседні Барысаў. Сюды з’ехаліся дэлегацыі з усіх раёнаў Міншчыны і горада Жодзіна. У іх ліку і бярэзінцы – кіраўніцтва раёна, пераможцы ўборачнай кампаніі, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый. Завіталі на свята і прадстаўнікі замежных дэлегацый з Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Славакіі, Таджыкістана, Узбекістана, Украіны, Швецыі.

Усяго, па словах арганізатараў, удзел у мерапрыемствах прынялі больш за 15 тысяч чалавек. Разам з тым, сёлета “Дажынкі” здзівілі новым фарматам: свята ўраджаю разгарнулася на стадыёне “Барысаў-Арэна”. З самай раніцы тут працавалі гандлёвыя рады, творчыя пляцоўкі, падвор’і раёнаў, “Горад майстроў”.

Дэманстравалі творчыя здабыткі і нашы землякі. У “Горадзе майстроў” майстар-клас для дзяцей і дарослых па вырабе драўлянай лыжкі праводзіў Народны майстар Беларусі разьбяр раённага цэнтра рамёстваў Яўгеній Осіпаў. А на падворку Бярэзінскага раёна спяваць і танцаваць запрашалі народныя калектывы. Добры настрой і свята для душы ствараў залівісты гармонік вядомага далёка за межамі радзімы бярэзінскага музыкі Міхаіла Папругі. Здзіўлялі нашы культработнікі і кулінарнымі шэдэўрамі, і самаробнымі вырабамі, а таксама крэатывам і бязмежнай фантазіяй. Чаго толькі варта выстава вясельных фотаздымкаў даўніх часоў. Ды і экспазіцыя з дажыначных снапоў і каравая з мукі новага ўраджаю не пакінула раўнадушных. Дарэчы, усе дажыначныя пірагі пасля абласнога свята былі перададзены ў стацыянарныя ўстановы Мінскай вобласці. Наш каравай уручаны Чэрвеньскаму псіханеўралагічнаму дому-інтэрнату, жыхары якога шчыра дзякавалі бярэзінскім кандытарам.

Кірмаш шумеў, а тым часам удзельнікі «Дажынак» рыхтаваліся да ўрачыстага шэсця па “Барысаў-Арэне”. Яно было відовішчным і яркім. Адметнасцямі дэлегацый сталі сімвалічнае ўбранне і палотнішчы з гербамі раёнаў і горада Жодзіна.

Першым хлебаробаў Міншчыны з паспяховым завяршэннем уборкі павіншаваў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Косінец. Ён ад імя Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі зачытаў прывітальны адрас.

— Сардэчна віншую вас з паспяховым завяршэннем асноўнага этапу ўборачнай кампаніі 2019 года. У гэтым годзе ўклад Міншчыны ў рэспубліканскі каравай — самы важкі. Вы з’яўляецеся лідарамі і па іншых ключавых паказчыках сельскагаспадарчай вытворчасці, — гаворыцца ў віншаванні.

Зладжана працавалі падчас уборачнай кампаніі аграномы, механізатары, камбайнеры, кіраўнікі і спецыялісты.

— Аграрыі, чыя самаадданая праца забяспечвае харчовую бяспеку краіны, — сапраўдныя героі нашага часу. Перакананы, што і ў далейшым любоў да роднай зямлі, адданасць прафесіі і адказнае стаўленне да справы дапамогуць вам захаваць высокія пазіцыі ў аграпрамысловым комплексе Беларусі, а нашы ўраджаі з кожным годам будуць толькі багацей, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, падзякаваўшы хлебаробам за працавітасць, адказнасць і самаадданыя будні.

Вітаў герояў жніва і старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна адзначыў, што ўраджай збожжавых і зернебабовых культур у Мінскай вобласці перавысіў 1 мільён 700 тысяч тон. Гэта істотна больш, чым у мінулым годзе. Тысячны намалот пераўзышлі 665 экіпажаў. Ёсць па выніках уборачнай і 6 экіпажаў трохтысячнікаў. Кожная чацвёртая тона збожжа ў рэспубліцы выраблена ў Мінскай вобласці.

Лепшымі па намалоце сталі Слуцкі, Мінскі і Нясвіжскі раёны. У лідарах па ўраджайнасці Нясвіж, Дзяржынск і Клецк.

— Поспехі ў аграрным сектары эканомікі — аснова далейшага руху наперад. Але сёлетні ўраджай для нас не мяжа. Патэнцыял цэнтральнага рэгіёна нашмат вышэй. І для дасягнення пастаўленых мэт ёсць усё: тэхналогіі, сучаснае абсталяванне, але галоўнае — працавітыя людзі, — адзначыў старшыня аблвыканкама.

Таксама Анатоль Ісачанка акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў свята на пытаннях добраўпарадкавання Барысава:

— Горад змяніўся, і ў гэтым заслуга як будаўнікоў, так і мясцовых жыхароў. Так, не ўсё атрымлівалася, нялёгка даваліся многія аб’екты, нас крытыкавалі. Але, нягледзячы ні на што, пастаўленыя задачы выкананы. З правядзеннем «Дажынак» добраўпарадкаванне Барысава не спыняецца. Вялікая будоўля працягнецца і ў наступным годзе.

Кіраўнік вобласці выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто ўдзельнічаў ва ўборцы ўраджаю, і падзякаваў жанчынам, якія не толькі працавалі на хлебнай ніве, але і з’яўляліся надзейным тылам дома.

Кульмінацыяй “Дажынак” стала цырымонія ўзнагароджвання перадавікоў жніва. Апладысментамі ўдзельнікі ўрачыстасці сустракалі лепшых з лепшых. Пераможцам абласных спаборніцтваў па ўборцы збожжа ў гэтым годзе прызнаны Нясвіжскі раён. Другое месца прысуджана Маладзечанскаму, трэцяе — Смалявіцкаму раёнам. Сярод гаспадарак рэгіёна заахвочванні атрымалі адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Холхлово”, “Городилово» і адасобленае структурнае падраздзяленне «Совхоз «Минский» открытого акционерного общество «ДОРОРС». Падчас цырымоніі ўзнагароджвання на сцэну выходзілі кіраўнікі гаспадарак, пераможцы, лепшыя па прафесіі, сямейныя дынастыі.

Цёплыя словы гучалі і ў адрас жонак лепшых аграрыяў. Узнагароды захавальніцам сямейнага ачага ўручыла намеснік старшыні ГА “Беларускі саюз жанчын” Лілія Ананіч.

У гэты дзень віншавалі лепшых хлебаробаў і ўручалі ім узнагароды на святочнай сцэне намеснік міністра сельскай гаспадаркі Ігар Брыло, намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Хмель, намеснік Старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Абрамаў, старшыня абкама прафсаюза Міхаіл Бода і іншыя.

Назвалі падчас цырымоніі ўзнагароджвання і лепшы каравай. Яго прапанавалі выбраць на свяце гасцям. Сваё захапленне наведвальнікі выставы дажыначных снапоў і караваяў з мукі новага ўраджаю ад кожнага раёна выказвалі, галасуючы сушкамі, якія раздавалі тут жа. Перамогу атрымаў творчы кулінарны шэдэўр прадстаўнікоў Клеччыны.

А напрыканцы раскрылася галоўная інтрыга. У наступным годзе абласныя “Дажынкі” прыме яшчэ адзін наш сусед — Чэрвень. Старшыня Барысаўскага райвыканкама ўручыў свайму калегу сімвалічны фестывальны пераходны сноп.

Не менш станоўчых эмоцый гасцям свята падарыў канцэрт, на якім выступілі лепшыя творчыя калектывы Міншчыны і “зоркі” беларускай эстрады Анжаліка Агурбаш, Аляксандр Саладуха, Анатоль Ярмоленка, ансамбль “Сябры”.

Пасля канцэртнай праграмы Анатоль Ісачанка адказаў на пытанні журналістаў Міншчыны. Датычылі яны асаблівасцей абласнога фестываля-кірмашу “Дажынкі”, якое ў апошнія гады набыло сямейны характар, а таксама адметнасцяў сёлетняй уборачнай кампаніі.

Алена МУРАЧ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *