Матуля з Бярэзіншчыны прымала віншаванні на абласным свяце да Дня маці

14 кастрычніка ў Маладзечне для жанчын Міншчыны прайшло святочнае мерапрыемства “Любові вялікае святло – святло мацярынства”. Сюды запрасілі шматдзетных матуль, жанчын, дзеці якіх сталі пераможцамі рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў, алімпіяд, спаборніцтваў…

Жанчын віншавалі са святам, уручалі граматы і падзячныя пісьмы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Станіслававіч Маркевіч, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Валер’евіч Кавалькоў, старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Тадэвушавіч Маліноўскі, прадстаўнікі мясцовай улады.

Т.М. Булойчык.

На свята былі запрошаны і прадстаўнікі ад Бярэзінскага раёна. Прыемна, што сярод узнагароджаных і шматдзетная матуля з Бярэзіншчыны -Тамара Мікалаеўна Булойчык. Ёй Падзячны ліст, падарунак, кветкі ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ўручыў В.Т. Маліноўскі.
— Я шчаслівая, што мяне запрасілі на такое маштабнае мерапрыемства, — зазначыла Тамара Мікалаеўна. – У нас з мужам чацвёра сыноў, двое з якіх двайняты. Ганарымся імі, яны наша шчасце, багацце. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю, працуюць… Радуюся, што і пра мяне ніколі не забываюць: тэлефануюць, прыязджаюць. Адно з галоўных свят у нашай сям’і – Дзень маці. Віншаванні, шчырыя словы пажаданняў, падарункі. Адным словам, я шчаслівая жанчына, бо матуля чацвярых цудоўных сыноў!

Сыны Т.М. Булойчык.

Таксама на свяце для матуль арганізатары наладзілі і розныя выпрабаванні-спаборніцтвы: конкурсы калясак «Аўта-Бэбі», асенніх букетаў, кулінарных шэдэўраў — тартоў…
Дарэчы, салодкія смачнасці, якія прыгатавалі матулі, затым адправіліся ў дзіцячыя дамы і іншыя спецыялізаваныя ўстановы. Арыгінальны, творчы, смачны торт ад нашага раёна прыйшоўся даспадобы дзеткам з Бярэзінскага карэкцыйна-развіваючага цэнтра!

Падчас уручэння торта.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара і з уласнага архіва сям’і Булойчык.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *