Бярэзінцы далучыліся да акцыі «Чысты лес»

На працягу кастрычніка на тэрыторыі нашага раёна
праводзіцца традыцыйны месячнік па навядзенні парадку на зямлі. Не пакідаць
супраць зімы смецця вакол населеных пунктаў і прыватных домаўладанняў, на сваіх
вытворчых базах і ў месцах масавага адпачынку закліканы ўсе жыхары
Бярэзіншчыны. Значная работа ў гэтым напрамку ўжо выканана.

Не ў меншай ступені надання чысціні патрабуе і
лясны масіў – месца, дзе мы любім адпачываць і бавіць вольны час. Таму ў
мінулую суботу, зноў жа традыцыйна, у нашай краіне праводзілася рэспубліканская
акцыя “Чысты лес”. На ачыстку прылягаючых да горада і іншых населеных пунктаў
раёна масіваў выйшлі работнікі ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас”. У г. Беразіно такім
аб’ектам стала зона адпачынку, размешчаная побач са штучным возерам па вулицы
Перамогі. Шчыравалі тут работнікі лясной гаспадаркі разам з вучнямі СШ №2
горада.

— Убіраем гэтае месца кожны год вясной і восенню, —
расказвае інжынер па ахове і абароне лесу лясгаса В.Д. Гормаш. – І ніколі не
застаёмся без справы, бо культурны адпачынак на ўлоні прыроды для большасці
людзей заканчваецца далёка некультурнымі наступствамі. А бавіць тут час любяць
многія. Дзеля справядлівасці адзначу, што з часам смецця становіцца ўсё менш.
Відаць, культура паводзін у людзей паступова расце. Толькі, як бачым, не ва
ўсіх. Засмечванне лесу назіраецца не толькі ў гэтым месцы. Некаторыя
парушальнікі трапляюць у аб’ектыў нашых фотапастак, штрафуем такіх людзей.
Наогул, бруд, бытавыя і іншыя адходы засмечваюць лес і перашкаджаюць яго росту
і развіццю, таму ўборку масіваў вядзём штодзённа.

У акцыі былі задзейнічаны ўсе прадстаўнікі лясной
гаспадаркі. Кожны з дзесяці лясгасаў аналагічныя мерапрыемствы праводзіў на
сваіх тэрыторыях. Некаторыя работнікі былі задзейнічаны на пасадцы дрэў за
межамі раёна – на кальцавой дарозе, а таксама на тэрыторыі Смалявіцкага і
Чэрвеньскага раёнаў, дзе займаліся добраўпарадкаваннем ляснога масіву пасля
прайшоўшых там лесапавалаў.

Лес можа быць чыстым толькі тады, калі прыходзіць у
яго мы будзем з чыстай душой і пакідаць з чыстым сумленнем. Упадабаных жыхарамі
горада месцаў адпачынку ў лясных масівах не так і многа. Толькі вось не ў
кожным з іх у дастатковай колькасці ўбачыш кантэйнераў для смецця. Усталяваныя
дадатковыя пляцоўкі з імі маглі б значна зменшыць колькасць бруду і смецця. Ды
і любы з адпачываючых хутчэй пакіне адходы менавіта ў кантэйнеры, калі той
будзе побач, чым пад кустом ці на палянцы.

Пасадкай дрэў (а дакладней аднаўленнем пасадак) у
гэты дзень былі заняты і работнікі філіяла ДЭУ-6 РУП “МінскаўтадорЦэнтр”.
З’явіліся яны ўздоўж дарог, якія абслугоўваюць дарожнікі, і будуць не толькі дэкаратыўным
аздабленнем абочын, але і служыць для снегазатрымання. Усяго было высаджана
каля 200 дрэўцаў на развязках дарог М-4 (115-ы і 89-ы кіламетры), Р-62 і Р-67
(адпаведна 132-гі і 57-ы кіламетры).

Раённы месячнік па навядзенні парадку працягваецца.
Азірніцеся навокал і паглядзіце: а ці чыста вакол таго месца, дзе вы жывяце, ці
не пара і там навесці парадак. Да зімы часу застаецца не так і многа, але ён
яшчэ ёсць. Выкарыстайце яго.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *