Ад вузкай вясковай сцяжынкі — да хуткаснай аўтамагістралі, або Як бярэзінскія работнікі дарожнай галіны сустракаюць прафесійнае свята

Дзень нараджэння Уладзіміра Іванавіча Колесеня 18 кастрычніка. Аднак адзначае яго ён звычайна амаль праз тыдзень: у дзень свайго прафесійнага свята аўтамабіліста і дарожніка. Парушыць гэтую традыцыю ў вядомага на ўсю краіну дарожнага будаўніка, крэатыўнага і ўдумлівага кіраўніка, выдатнага і запатрабаванага спецыяліста ў сваёй галіне не атрымалася нават на сёлетні 65-гадовы юбілей.

На гэта Уладзімір Іванавіч не крыўдуе. Звыш дваццаці гадоў ён плённа ўзначальвае ДБУ №31 ААТ “ДБТ №5”. За гэты час пад яго кіраўніцтвам арганізацыя пабудавала незлічоную колькасць кіламетраў дарог. Бярэзінскія дарожнікі працавалі на М1, М3, М4, М6, Мінскай кальцавой, добраўпарадкоўвалі дарогі раёна, удзельнічалі ў рэканструкцыі аўта-магістраляў у розных куточках краіны.
Пералічыць усё, зробленае кіраўніком арганізацыі, няпроста. Ды і ці змогуць лічбы і аб’екты ў поўнай меры адлюстраваць дзейнасць кіраўніка дарожнай арганізацыі з такім значным стажам. Ніхто і не імкнецца да гэтага, бо штодзень работнікі працягваюць будаўніцтва дарог на самых важных і адказных аб’ектах у самых розных кутках краіны. Не лічыць іх і сам Уладзімір Іванавіч. Яму куды даражэй прафесіяналізм, гонар сваіх работнікаў, іх дастойны ўзровень заробку, павага людзей да працы дарожнікаў. Цана такіх адносін непамерна высокая для кіраўніка і стала яму лепшым падарункам на юбілей.
Уладзімір Іванавіч нарадзіўся ў вёсцы Засвяціца і наўрад ці меркаваў у дзяцінстве, бегаючы па вузкіх сцежках, што калі-небудзь будзе будаваць хуткасныя аўтамагістралі. Праўда, лёс ужо тады верным шляхам вёў яго на працу ў дарожную арганізацыю. Пасля школы Уладзімір Іванавіч уладкаваўся дарожным рабочым у ДБУ-31.
Першы працоўны вопыт і тэрміновая служба дапамаглі канчаткова вызначыцца з будучай прафесіяй, і ён паступае ў Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум. Затым Уладзімір Іванавіч працуе на Бярэзінскім торфабрыкетным заводзе. Спачатку галоўным механікам, а затым — галоўным інжынерам, які вылучаўся сярод спецыялістаў прадпрыемства дапытлівасцю і ўменнем даводзіць распачатую справу да канца. Толькі ў 1998 годзе пасля заканчэння вучобы на эканамічным факультэце БДАТУ Уладзімір Іванавіч Колесень прымае рашэнне вярнуцца ў ДБУ-31. На гэты раз — кіраўніком. Узначаліць дарожную арганізацыю, якая літаральна “ляжала на лапатках”, было рызыкоўна для маладога амбіцыйнага мужчыны.
— Я і сёння добра памятаю свой першы выкананы ўчастак унутрыгаспадарчай дарогі, — гаворыць Уладзімір Іванавіч. – Заказчыкам выступіў “Мінаблдарбуд”. Выканаць даручаную работу і заявіць аб сабе, як аб надзейнай дарожна-будаўнічай арганізацыі, было няпроста, бо былы калектыў разваліўся. Не хапала ні спецыялістаў, ні рабочых. Усё давялося пачынаць з нуля. Перш-наперш сабралі надзейную каманду, здольную працаваць якасна і хутка. І ўжо праз пэўны час адзін за адным пайшлі аб’екты. Будавалі па пятнаццаць кіламетраў дарогі штогод, што дазволіла выправіць фінансавае становішча.
Але сарамліва замоўчвае Уладзімір Іванавіч свой асабісты ўклад у справу развіцця прадпрыемства. Яго ўласная дысцыплінавасць, патрабавальнасць да сябе і падначаленых, адказнасць за кожнае слова і абяцанне, культура вытворчасці, арганізаванасць і прыстойнасць неаднойчы падкуплялі і здзіўлялі работнікаў арганізацыі і служылі лепшай гарантыяй якасці выканання работ для заказчыкаў.
— Мой асноўны аб’ект за дваццаць гадоў – гэта М4, — расказвае Уладзімір Іванавіч. — Тут усе мы праявілі сябе з самага лепшага боку. Калектыў цалкам апраўдаў аказаны высокі давер. Пяцьдзясят кіламетраў дарогі зроблены намі па генеральным падрадзе. Па ёй я заўсёды імчу з добрым настроем, бо траса не толькі прыгожая, даўгавечная, але яшчэ і зручная, і бяспечная. За гэта я ўдзячны кожнаму работніку — ад спецыяліста да рабочага, яны працавітыя, сумленныя і адказныя, даражаць сваёй справай. Ды і чаго замоўчваць: праца на М4 моцна з’яднала наш калектыў, даказала прафесіяналізм нашых дарожнікаў і служыць лепшым натхненнем на будучае!
Працоўнай энергіі і ўпэўненасці ў людзях Уладзіміру Іванавічу не пазычаць. А сілы і надалей трымаць высокую планку работы ДБУ № 31 яму дае прызнанне заслуг і павага калег. Ужо даўно на грудзях зіхацяць знакі “Ганаровы дарожнік Беларусі” І і ІІ ступеняў, ды і даражыць ён медалём “За працоўныя заслугі”. Яго Уладзімір Іванавіч атрымаў у 2014 годзе, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Працяг чытайце ў № 81 газеты за 26 кастрычніка.

Фота Алены Громавай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *